Урачыстасць сабрала шмат шаноўных гасцей – святароў і вернікаў з нашай краіны і з замежжа. Святыню наведаў у гэты дзень біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Перад пачаткам святой Імшы ён благаславіў новы крыж, устаноўлены перад уваходам у касцёл.
Усе разам дзякавалі за дар святыні, якая з’яўляецца месцам сустрэчы з Богам. Сёння гэтая святыня прыгожа адноўлена, звонку пафарбавана ў жоўты колер, а ўнутры светлая і прасторная.
Касцёл быў пабудаваны ў 1809 г. на сродкі Марціна Кліманскага i асвечаны дэканам Завілейскім кс. Антоніем Багіленскім. Ён мае статус помніка архітэктуры, які быў яму нададзены ў 1970-я гады.
Падчас Другой сусветнай вайны савецкія ўлады зачынілі святыню. Інтэр’ер касцёла быў выстаўлены на вуліцу, каб нічога не нагадвала, што гэта будынак, прызначаны для малітвы. Больш каштоўныя рэчы былі вывезены ў Смаргонь або спалены. Будынак стаў выкарыстоўвацца пад збожжасховішча.
Толькі ў 1989 г. католікі вярнулі сабе сваю ўласнасць. 30 гадоў таму ў касцёле зноў быў запалены вечны зніч, які нагадвае пра прысутнасць Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі. Ужо 30 гадоў вернікі зноў моляцца ў святыні, якая з’яўляецца цэнтрам іх жыцця.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў Імшу ў інтэнцыі ўсіх будаўнікоў і дабрадзеяў касцёла, якія духоўным і матэрыяльным чынам паспрыялі яго аднаўленню. Таксама ён заахвоціў агарнуць малітвай усе сем’і, каб яны былі хатнім Касцёлам, які перадае веру наступным пакаленням.
Урачыстасць скончылася працэсіяй вакол святыні, якая з’яўляецца сёння гонарам мясцовых парафіян. Затым пробашч парафіі кс. Уладзіслаў Сурвіла падзякаваў усім гасцям за прысутнасць і супольную малітву, а таксама выказаў удзячнасць духавенству на чале з біскупам Кашкевічам.
Святар запэўніў, што разам з парафіянамі пастаянна атачае малітвай усіх людзей добрай волі і тых, хто прычыніўся да таго, каб гэты касцёл сёння нанова зіхацеў бляскам.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: с. Ірына Барцэвіч FMA