3 жніўня вечарам санктуарый Пана Езуса Журботнага ў Росі напоўнілі шматлікія вернікі, якія прыбылі на сёлетнія ўрачыстасці. Традыцыйна прыбылі пешыя пілігрымкі – у 18-ы раз з Гродна і ў 5-ы раз з Мастоў.
Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх пілігрымаў узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі біскуп адзначыў, што, прыходзячы ў санктуарый Пана Езуса Журботнага, гледзячы на цудатворную фігуру, якая прадстаўляе бічаванага Езуса, чалавек павінен задумацца над сваім жыццём.
Іерарх дадаў, што ў гэтым асаблівым у дыяцэзіі месцы сэрца пілігрыма павінна быць адкрыта на Божую ласку і праўду. “Бог любіць чалавека, любіць кожнага з нас і прыходзіць са сваёй ласкай, каб да нас дакрануцца, нагадаць нам пра крыж, які кожны хрысціянін павінен несці кожны дзень”, – сказаў ён.
Як падкрэсліў, звяртаючыся да пілігрымаў, біскуп, можна з упэўненасцю сцвярджаць, што Езус ішоў з імі падчас дарогі, дадаючы адвагі. Іерарх адзначыў, што кожны пілігрым павінен крочыць у пілігрымцы веры, каб зрабіць Касцёл сваім домам і ўчыніць яго маладым. Для таго ж, каб гэта магло здзейсніцца, патрэбна актыўнасць усіх.
Біскуп папрасіў маладое пакаленне сваёй прысутнасцю ў Касцёле зрабіць яго маладым і ажывіць гэтую сям’ю Божых дзяцей. “Каб ісці ў гэтай пілігрымцы веры, трэба пакінуць многае, а таксама выступіць з новымі ініцыятывамі”, – дадаў іерарх. Па яго словах, Касцёл чакае новых ініцыятыў, якія зробяць яго даступным для ўсіх і домам для дзіцяці, юнака, дарослага і пажылога чалавека.
Біскуп падкрэсліў, што Бог мае для кожнага свой план, які трэба распазнаць і рэалізаваць. Ён пажадаў, каб асабліва маладыя людзі былі адкрытыя на Духа Святога, які дапаможа ў распазнанні свайго жыццёвага шляху.
Іерарх пажадаў, каб гэтае пілігрымаванне ў Рось перамяніла жыццё кожнага, а хвіліны прабывання ў санктуарыі былі напоўнены малітвай і прынеслі плён благаслаўлення.
Пасля Імшы адбылася канферэнцыя, з якойвыступіў кс. Віктар Ханько, дэкан Мастоўскага дэканату. Потым усю ноч пілігрымы трывалі на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту: супольна маліліся і спявалі. Гэта быў час, ахвяраваны імі Пану.
Начное чуванне скончылася працэсіяй вакол святыні і актам даверу ля фігуры Маці Божай Каралевы Міру, якая знаходзіцца побач з касцёлам.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Адамовіч