У Батароўскім лесе каля Навагрудка 76 гадоў таму здзейснілася вялікая ахвяра. 11 жыццяў дабравольна былі аддадзены дзеля ўратавання мясцовых жыхароў ад смерці. 11 сясцёр мучаніц – с. Стэла і яе паплечніцы – адзінадушна прынялі рашэнне маліцца аб замене 120-ці арыштаваных на сябе, каб тыя атрымалі свабоду. Прашэнні былі прыняты: нацысты расстралялі манахінь, адпусціўшы зняволеных да сваіх сямей.
У 1945 годзе адбылася эксгумацыя астанкаў сясцёр, якія былі пакладзены ў агульнай магіле на прыкасцёльных могілках Белай фары ў Навагрудку. Адтуль у 1991 годзе іх перанеслі ў саму святыню і змясцілі ў саркафагу ў капліцы Маці Божай. На месцы іх смерці пастаўлены драўляны крыж. Сюды прыбываюць шматлікія пілігрымы, каб узгадаць мінулыя падзеі. Сярод іх і паломнікі з Гродна, якія распачалі традыцыю крочання да благаслаўлёных манахінь 10 гадоў таму.
У юбілейны раз увайшоўшы ў гушчар пад спеў “З Белай фары” і лёгшы крыжам на памятным месцы, заўсёднікі паломніцтва і яго духоўныя кіраўнікі распавялі пра тое, чаму шлях да благаслаўлёных назарэтанак трывала заняў месца ў іх сэрцах.
“Шчыра кажучы, для мяне можа не быць пілігрымкі ў Тракелі, Будслаў ці Рось, але паломніцтва ў Навагрудак – абавязкова, – адзначае Святлана Пацук. – Канешне, крочыць да Маці Божай ці Езуса – цудоўна, нібы чужа ўсяму зямному, жыццёваму. Аднак святасць сясцёр – гэта штосьці ўзвышанае і адначасова тое, да чаго можна дакрануцца. Іх мучаніцтва мела месца 76 гадоў таму. Яны маглі б цяпер быць ва ўзросце нашых бабуль. Мяркую, па гэтай прычыне ахвяра сясцёр і з’яўляецца такой намацальнай. Мы пазнаём дагматы, але не заўсёды можам іх спасцігнуць. Ахвяра ж сясцёр мучаніц з’яўляецца зразумелай і дадае веры”.
“Кожная з манахінь была простым чалавекам з руцінным жыццём. Аднак менавіта гэта прыўносіць у маю штодзённасць веру і надзею, – пацвярджае Вікторыя Каралін. – Нават калі мала што ведаеш і ўмееш, ты нарадзіўся не проста так, але з абавязковай мэтай і прызначэннем. За 10 гадоў благаслаўлёныя назарэтанкі сталі для мяне непераўзыдзеным прыкладам для пераймання і натхненнем”.
“Нездарма дэвізам пілігрымкі я абраў словы «Бог шукае чалавека ў табе», – разважае кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA, кіраўнік паломніцтва. – Сёстры мучаніцы з’яўляюцца, перш за ўсё, прыкладам захавання чалавечнасці ў бесчалавечных умовах. І больше за тое, прыкладам захавання вернасці веры перад абліччам катастрофы. Вельмі проста заставацца людзьмі і следаваць за Хрыстом, калі ў жыцці шчасціць. Складана не клясці чалавека ў адказ, калі цябе абражаюць”.
“Мяне захапляе тое, што, нягледзячы на розніцу характараў, тэмпераментаў, прыхільнасцей, сёстрам удалося пабудаваць сапраўдную супольнасць. Яны былі з’яднаныя ў Езусе, – дадае с. Філатэя Ціхановіч CSFN. – Вядома, манахіні мелі свае слабасці, але гэта не перашкодзіла Хрысту прывесці іх да хвалы алтара. Калі знаёмішся з жыццяпісамі святых, можна заўважыць, што большасць з іх была заўзятая ў службе Езусу, шмат у чым сабе адмаўляла. У сваю чаргу чытаючы пра сясцёр, бачыш у іх простых людзей, якія, аднак, здалі экзамен веры на выдатна”.
С. Філатэя таксама адзначае, што арганізатарам хацелася, каб юбілей пілігрымкі быў асаблівым і заахвоціў паломнікаў яшчэ не раз стаць на гэты шлях. “Мы падрыхтавалі крыху сюрпрызаў для ўдзельнікаў. Было чаяванне са святочным печывам, шмат іншых салодкіх прыемнасцей. Зрабілі адмысловыя магніты з Божым словам і мудрымі выказваннямі, якія Святы Дух удыхнуў у чалавечыя розумы. Вернікі выбіралі сабе магніты, не ведаючы, што на іх напісана. Так кожны з пілігрымаў атрымаў словы, якія Госпад хацеў скіраваць менавіта да яго. У адзін з вечароў мы правялі адарацыю, падчас якой сабраныя павінны былі напісаць ліст Богу. У пасланні папрасілі адлюстраваць тое, за што яны ўдзячныя Усявышняму. Гэта дапаможа вернікам адкрыць у сабе добрыя рэчы. Лісты захавалі, каб прачытаць праз год і ўбачыць, ці пасталелі мы ў любові. На заканчэнне кожны атрымаў індывідуальнае благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамантам і меў магчымасць адзін на адзін пагаварыць з Езусам”, – падзялілася манахіня.
У сваю чаргу паломнікі за гады пілігрымавання заўважылі шмат іншых асаблівасцей, якія матывуюць іх вырушыць у шлях.
“Ужо шмат разоў адзначалася, што галоўная рыса гэтай пілігрымкі – яе сямейны характар. Сапраўды, нас ніколі не збіраецца нашмат болей за 50 чалавек. У асноўным ідзе моладзь, але заўсёды ёсць і старэйшыя асобы, і малодшыя. Цікава, што з кожным адчуваеш сябе вельмі камфортна, на сваім узроўні, як у сям’ і. Калі кантактуеш з людзьмі, можа скласціся ўражанне, нібы размаўляеш са сваімі матуляй ці дзядулем, братам ці сястрой”, – адзначае Вікторыя.
“Падчас шматразавога крочання да благаслаўлёных назарэтанак я выпрасіла шмат цудаў. Заўсёды ішла ў чужых інтэнцыях, і кожны раз людзі, за якіх малілася, атрымлівалі адказ ці дапамогу. Гэтае ўзаемадзеянне з сёстрамі мучаніцамі з цягам часу перарасло ў вельмі каштоўную сувязь. Штораз, уваходзячы ў Батароўскі лес, маю пачуццё, нібы прыйшла на магілу сваячак, блізкіх і дарагіх мне людзей”, – узгадвае Святлана.
“Сёлета ў паломніцтве да благаслаўлёных назарэтанак адчувалася, што ўдзельнікі па прыкладзе сясцёр вучацца дзяліцца адзін з адным чалавечнасцю, супакоем, радасцю. І маё галоўнае жаданне – каб вернікі праз заступніцтва сяцёр мучаніц надаўжэй захавалі ў сабе ўнутраны аазіс, у якім апынуліся падчас пілігрымкі”, – падсумоўвае кс. Генадзь.
Ангеліна Марцішэўская