27 ліпеня парафія Св. Арханёла Міхала ў в. Міхалішкі (Астравецкі дэканат) урачыста адзначыла адпуст у гонар святой Ганны. У гэты дзень у парафію па запрашэнні ксяндза пробашча Анатоля Захарэўскага завітаў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які падчас Імшы ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі 22 асобам.
Уражаннямі з урачыстасці падзялілася Раіса Мароз, арганістка касцёла св. Арханёла Міхала.
Урачыстасць мінула, але адбітак у душы застаўся не толькі ў кандыдатаў, але і ў душах і сэрцах кожнага, каму пашчасціла трапіць у гэтую святыню ў гэты дзень…
А дзень быў незвычайны…
Святыня была падрыхтавана з густам любові і пяшчоты да Бога рукамі кандыдатаў да канфірмацыі, іх бацькамі, групай парафіян, большасць з якіх з гонарам носіць імя Ганна, дзіўна, але гэта праўда.
Увесь дзень з самага ранку церусіў невялікі летні дожджык… Бог пачуў мае малітвы… Душа патрабавала нейкага наталення, а такое надвор’е дазваляе больш засяродзіцца духоўна, ніякія працы і клопаты не адцягваюць увагу душы ад Святыні…
Дождж: дробны, цёплы і мерны – гэта Божая ласка, якая сплывае на зямлю, наталяе яе і той раслінны свет, што яе напаўняе…
Добрая вестка аб нашай урачыстасці была загадзя аб’яўлена як у нашым дэканаце, так і за яго межамі. Раздзяліць з намі гэтую радасць прыехала вельмі шмат вернікаў з розных куточкаў Беларусі. Самай шматлікай групай стала група з Паставаў Віцебскай вобласці: ажно 30 чалавек прыбылі да нас на свята з парафій Св. Антонія Падуанскага і Езуса Міласэрнага. Прыехалі яны загадзя, пабываўшы ля алтароў гервяцкага касцёла і атуліўшы малітвамі магілу шаноўнага ксяндза Леаніда Несцюка, які пры жыцці неаднаразова вітаў іх у святыні…
Прафесар Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі, затым рэктар гэтай семінарыі і нарэшце дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі – гэта ўсё асоба шаноўнага біскупа Юзафа Станеўскага. Гэта святар і чалавек шматграннай душы, да якой мне пашчасціла дакрануцца ў гады вучобы на гродзенскіх катэхетычных курсах. У светлай памяці жыве да гэтага часу яго вельмі адданая праца па духоўным станаўленні і фармацыі кожнага чалавека, да якіх воля Бога яго накіроўвала. Ён вельмі цікавы і адкрыты суразмоўца, мудры настаўнік…
Мы не адчувалі часу на ягоных лекцыях, наадварот, хацелася затрымацца ў ягоным асяроддзі, ягонымі разважаннямі мы жылі тыднямі… Калі ён адпачывае, ведае толькі Усемагутны Бог! Несамавітая адданасць Богу, цеплыня духоўная і пяшчота да люду Божага: ад немаўляці да чалавека сталага ўзросту – гэта яскравыя рысы, з якімі ён ідзе па жыцці.
Планавалі ўвесці Яго Эксцэленцыю ў святыню ў акружэнні моладзі, а сталася так, што ён ціха і неўпрыкмет, пад музыку праліўнога дажджу ўвайшоў у наш касцёл…
Яго Эксцэленцыя цэлебраваў святую Імшу разам з ксяндзом канонікам, ксяндзом дэканам Юзафам Багдзевічам і пробашчам нашага касцёла ксяндзом Анатолем Захарэўскім. У канфесіяналах служылі святары з Быстрыцы, Кемелішак і Дайлідак. Сабраныя ў святыні вернікі дружным спевам упрыгожвалі Імшу ў суправаджэнні аргана.
На самым пачатку Імшы біскупа прывіталі бацькі і прадстаўнікі кандыдатаў да канфірмацыі. Ксёндз Анатоль прадставіў яму групу кандыдатаў з моладзі.
Падчас Імшы ўсіх без выключэння ўзрушыла гамілія біскупа. Тэмай дня стала святая Ганна – маці Дзевы Марыі. З вялікай цеплынёй, вельмі ўзрушальна Яго Эксцэленцыя правёў тэму мацярынства праз змест гаміліі, зрабіўшы дотык да жанчын-маці рознага ўзросту, навучаючы стаўленню да жанчыны-маці як з боку моцнай палавіны чалавецтва, так і ў адносінах дзяцей да сваіх бацькоў, жывых і памерлых…
Уся Літургія была нейкай асаблівай, пранікнёнай, мілагучнай для душы… Побач з польскай мовай гучала родная беларуская, яны, як дзве рукі, трымалі адна адну: сугучна, пяшчотна, сціпла і вельмі кранальна…
Вельмі шчырай была падзяка біскупу Юзафу, ксяндзу пробашчу Анатолю і нават мне, арганістцы… Тое, што дзве гадзіны ў нашым напоўненым касцёле здаліся імгненнем, заслуга ўсіх і кожнага паасобку. Наша стаўленне да сваёй святыні, любоў да Бога і тых, хто прыходзіць да нас, у гэты намолены стагоддзямі рай, каб спаткацца з Творцам, адчулі сэрцы і душы…
Мы стараліся з усіх сіл, але ніхто з нас не спадзяваўся, што, пранікшыся атмасферай урачыстасці, наш шаноўны пастыр біскуп Станеўскі вырашыць ля алтара Пана падарыць нам усім вельмі адметны акорд – ён падараваў нам свой цудоўны спеў, песню ў сваім перакладзе, апошні куплет якой — словы ягонага сэрца, што з’яўляецца спевам сыноўняй любові да маці… Гэта сапраўды святы момант, які будзе жыць у сэрцы кожнага з нас да апошняга дня зямнога жыцця… Маці нашага біскупа жыве, мы адчулі ягоную любоў і стаўленне да яе, а мая адышла да Бога ў мінулым годзе, але спеў настолькі пранікнёны, што здавалася, нібы мая мама ўваскрэсла ў гэты момант. Па твары, як кроплі дажджу, цяклі пякучыя слёзы страты, сэрца ж казала: яна дзесьці побач, Неба нас бачыць і чуе… Паміж намі адчувалася незвычайная асвячальная ласка Святара…
У нас на Беларусі самы моцны епіскапат, ён вымалены крывавым потам некалькімі пакаленнямі беларусаў, таму няхай усе гэта бачаць і імкнуцца да нас прытуліцца душой і сэрцам.
Шаноўны Эксцэленцыя, шаноўныя вернікі! Ніколі не мінайце нашу святыню, прыязджайце да нас тады, калі дазволіць ваш час, прыйдзіце і дакраніцеся малітвай свайго сэрца да святых алтароў касцёла ў Міхалішках, яны чакаюць вас усіх заўсёды, і днём, і ноччу (падчас чуванняў). Мы сустракаем сваіх гасцей штодня: на святой Імшы або ў экскурсійнай вандроўцы, даючы магчымасць дакрануцца душой да прызначэння Касцёла – святыні на зямлі – адчуць існаванне Бога-Творцы ў сваім штодзённым жыцці… Будзьце з намі – гэта азначае жывіце з верай, надзеяй і ў любові адзін да аднаго.
Экцэленцыя! Ваша душа – сапраўдны кветкавы рай, ад якога кожны ў нашым касцёле атрымаў цэлы ахапак руж для сваёй душы, калі Вы трымалі ў сваіх руках толькі адзін сціплы букет ад усіх…
Раіса Мароз