31 ліпеня ў Батароўскім лесе каля Навагрудка, дзе 76 гадоў таму былі расстраляны 11 манахінь з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі), сабраліся шматлікія пілігрымы.
Шмат людзей прыбыло, каб ушанаваць памяць сведкаў Хрыста, якія ахвяравалі сваё жыццё Богу, і вучыцца ў іх адважна ісці праз жыццё. Прысутныя дзякавалі Пану за дар благаслаўлёных мучаніц для Касцёла на Гродзеншчыне і Касцёла ў Беларусі.
Mалітва аб міры
Праз іх заступніцтва ўдзельнікі Імшы прасілі Бога аб ласцы глыбокай, моцнай веры, адвагі, сапраўднай любові да Яго і бліжніх для саміх сябе, сваіх сем’яў, супольнасцяў, да якіх належаць. Таксама маліліся за краіны, дзе адбываюцца ўнутраныя канфлікты i войны, каб насілле і нянавісць саступілі месца паяднанню і прабачэнню, а супраціўнікі знайшлі ў сабе мудрасць і адвагу мірнага вырашэння ўсялякіх спрэчак.
На гэтую зямлю, якая была акроплена крывёю мучаніц, прыбыла пасля пяці дзён шляху група пілігрымаў з Гродна. У пешай пілігрымцы прыйшлі таксама вернікі Пінскай дыяцэзіі з Новай Мышы, даехалі на роварах паломнікі з Крамяніцы. Прысутнічалі члены сям’і благаслаўлёнай сястры Раймунды з Літвы і Польшчы, прадстаўнікі свецкіх уладаў, святары, сёстры законныя і шмат вернікаў з розных месцаў нашай краіны і з замежжа.
У лесе, дзе разгарнуліся драматычныя падзеі 76 гадоў таму, дакладна ў той самы час, калі назарэтанкі былі пакараны, святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Разам з ім яе канцэлебравалі біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі і святары Гродзенскай і Пінскай дыяцэзій.
Падчас Эўхарыстыі ўдзельнікі маліліся таксама аб беатыфікацыі сястры Малгажаты Банась – дванаццатай назарэтанкі з Навагрудка, якая пазбегла мучаніцкай смерці.
Перамога любові
У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што гэты лес – сведка страшнага забойства, споўненага гітлераўцамі ў дачыненні да мірных жыхароў Навагрудка і наваколля.
“У гэтым месцы сустрэліся дзве цалкам супрацьлеглыя рэчаіснасці, два розныя светы: уражваючая адхлань нянавісці і насілля, пагарды да Бога і чалавека, нязгоды з Божым і чалавечым законам сустрэлася з бязмернасцю любові і святасці, ахвяры і прысвячэння, літасці і спачування”, – сказаў іерарх.
Па яго словах, смерць назарэтанак не была выпадковай, а была ахвярай, складзенай Богу з любові да бліжняга.
“Якая ж вялікая, неспасцігальная любоў жыла ў сэрцах сясцёр, якія два разы дабравольна на малітве прасілі Пана Бога аб смерці ўзамен за іншых людзей: за 120 заложнікаў – арыштаваных гестапа жыхароў Навагрудка і ваколіц, а таксама за аднаго святара ў гэтым месцы, кс. капелана Аляксандра Зянкевіча”, – дадаў біскуп.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што гэтая незвычайная ахвяра была дасканалым увянчаннем і дапаўненнем той любові да Бога і людзей, выраз якой давалі сёстры ў сваім штодзённым жыцці дагэтуль і ў сваім служэнні ў Навагрудку.
Памерлі, каб жыць вечна
“Як цяжкія, саспелыя, поўныя каласы збожжа становяцца зжаты, каб стаць добрым хлебам, так сёстры-мучаніцы, падаючы пад стрэламі, прынеслі найцудоўнейшы плён свайго жыцця: памерлі для гэтага свету і нарадзіліся для валадарства нябеснага”, – дадаў іерарх.
Біскуп заклікаў вернікаў маліцца ў інтэнцыі хутчэйшай беатыфікацыі дванаццатай назарэтанкі – с. Малгажаты Банась, а таксама за ўсю Кангрэгацыю Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта.
Ён выказаў надзею, што прыклад жыцця мучаніц з Навагрудка будзе натхненнем для сучасных людзей у штодзённым верным спаўненні абавязкаў, у даванні сведчання веры словам і ўчынкам, у любові да бліжняга і бескарыслівым нясенні дапамогі патрабуючым.
“Няхай заступніцтва благаслаўлёных сясцёр-мучаніц яшчэ больш распаліць нашы сэрцы любоўю да Хрыста Пана, які на дрэве крыжа праліў за нас сваю кроў, каб мы жыццё мелі ў дастатку”, – пажадаў біскуп.
Пасля Імшы прысутныя мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі благаслаўлёных назарэтанак і трываць на каленях у ціхай малітве – на той самай зямлі, якая была акроплена крывёю мучаніц, што аддалі сваё жыццё за бацькаў сем’яў.
Вернікі пакідалі лес у задуме і цішыні, усведамляючы, што наша зямля – благаслаўлёная зямля, дзе пралілася кроў многіх адважных людзей, якія не выракліся Бога, не здрадзілі, а здолелі заставацца Яму вернымі да канца.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Марцішэўская