Skip to main content

Цудзенішкі: парафіяльны адпуст у гонар св. Якуба з удзелам біскупа Гродзенскага

cudzeniszki 6121 ліпеня ў парафіі ў Цудзенішках (Ашмянскі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар св. апостала Якуба. На літургіі сабраліся шматлікія вернікі і госці парафіі.

На адпуст прыбыў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, якога прывіталі ля касцёльных брамаў прадстаўнікі парафіяльнай супольнасці.

Затым іерарх накіраваўся да грабніц двух святароў, якія пахаваны пры касцёле і служылі ў гэтай парафіі – пробашчаў кс. Казіміра Лобача і кс. Яна Адамовіча. Там біскуп прамовіў малітву “Анёл Панскі”.

cudzeniszki 43

Потым у парафіяльнай святыні, якая ў апошні час была грунтоўна адрамантавана звонку і ўнутры, адбылася ўрачыстая Імша, падчас якой біскуп Кашкевіч маліўся ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае парафію ў Цудзенішках.

На Эўхарыстыі 17 чалавек прынялі сакрамэнт хрысціянскай сталасці, абавязаўшыся мужна вызнаваць сваю веру і паступаць паводле яе прынцыпаў.

У гаміліі прэс-сакратар Гродзенскай курыі кс. Юрый Марціновіч засяродзіў увагу на постаці св. Якуба, які першым з апосталаў прыняў мучаніцкую смерць за Евангелле.

Святар адзначыў, што сучасным хрысціянам гэты святы дае цудоўны прыклад адвагі ў штодзённай рэалізацыі свайго жыццёвага паклікання, прыклад пакоры ў прыняцці Божай волі і прыклад служэння ўсім людзям, якіх Божы Провід ставіць побач кожны дзень.

cudzeniszki 58

Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла. Пробашч парафіі кс. Юрый Ёдзiк падзякаваў біскупу за прыбыццё, каб разам адзначыць сёлетні адпуст. Святар падзякаваў таксама сваім парафіянам за духоўную і матэрыяльную падрыхтоўку да гэтага дня. Ён падкрэсліў, што супольнасць вернікаў у Цудзенішках нешматлікая, але вельмі жывая, і выражаецца гэта праз іх дзейсны ўдзел у касцёльных справах і вернае трыванне з Хрыстом.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заахвоціў удзельнікаў урачыстасці працягваць трываць у веры, якая была ім перададзена папярэднімі пакаленнямі, і перадаваць яе далей. Ён падзякаваў пробашчу парафіі і вернікам за іх вялікі клопат пра святыню, якая ў апошні час становіцца з кожным днём прыгажэйшай.

JM

Фота: с. Магдаліна Кулай CSCII