Самай шматлікай пешай пілігрымкай, якая ўжо заўтра – 12 ліпеня – прыйдзе ў санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях на штогадовыя юбілейныя ўрачыстасці, будзе група пілігрымаў Іўеўскага дэканату.
Гэтая пілігрымка, як заўсёды, маладая, бо ў ёй крочаць практычна толькі дзеці, а таксама вучні школ, студэнты і працуючая моладзь. Дух у пілігрымцы кожны год выключны і цудоўны.
Гэты дух утвараюць самі ўдзельнікі, якія на час пілігрымкі пакідаюць свае штодзённыя клопаты і абавязкі і выпраўляюцца ў шлях. Гэты шлях – час асаблівых рэкалекцый, калі да іх звяртаецца Пан Бог праз Божае слова, удзел у літургіі, а таксама праз выпадковыя сустрэчы з людзьмі ў ходзе паломніцтва.
Як адзначаюць удзельнікі, найважнейшае тое, што яны пастаянна адчуваюць прысутнасць Бога. “Самае важнае тое, што Бог з намі! Без Яго мы б не пераадолелі саміх сябе і гэтую дарогу”, – прызнаецца Алеся Рушлевіч, якая сёлета адказная за вядзенне акаўнту ў інстаграме пешай пілігрымкі Іўе-Тракелі.
Кожны кіламетр дарогі, безумоўна, пакідае ў сэрцы пілігрымаў канкрэтны след. Нягледзячы на цяжар шляху і шматлікія нязручнасці, у іх душы радасць і вера. “Ужо больш за 100 км за спінoй і цёплыя ўспаміны ў сэрцы. Але гэтыя кіламетры не адчуваюцца фізічна (не лічачы аднаго мазоліка, але, як кажуць, пілігрымка без мазаля – не пілігрымка). А вось у душы хоць штосьці, але пакінуў кожны”, – дадае Юлія Іёдка.
Пілігрымка яднае людзей. Менавіта тут, незалежна ад таго, што яны з розных парафій і населеных пунктаў, усе могуць адчуць еднасць і прыналежнасць да адной сям’і Божых дзяцей, якія маюць аднаго Айца ў небе і разам пілігрымуюць да нябеснай Маці.
“Пілігрымка стала не толькі школай жыцця, мы сталі адной вялікай сям’ёй. Мы тут разам (і застанемся, канешне), мы дапамагаем адзін аднаму, падтрымліваем адзін аднаго”, – кажа Яна Кіжук.
Кожная пілігрымка – магчымасць змяніць сваё мысленне і дзеянне, сваё жыццё. Гэта час духоўнага ўзрастання, каб Пан узрастаў у нас, а чалавек памяншаўся.
“Пілігрымка для мяне – час майго духоўнага аднаўлення, час, калі ўсе праблемы ты бярэш з сабой і ідзеш напоўнены Святым Духам у Тракелі, да нашай Марыі”, – адзначае Яна Шавела, удзельніца сёлетняй пілігрымкі.
Сапраўды кажуць, што пілігрымка – гэта быццам нашае жыццё. Ёсць час жыць, ёсць час любіць, ёсць час пілігрымаваць. Значыць аналізаваць сваё жыццё знутры, рабіць нейкія высновы, прасіць аб дапамозе, дзякаваць за атрыманыя ласкі. У кожнай пілігрымцы мы спазнаем нешта новае, разумеем свае памылкі, вяртаемся да вытокаў свайго існавання. Кожны з нас, у гэтай чарговай пілігрымцы, нешта атрымаў і нешта зразумеў.
“Ёсць час прасіць, ёсць час дзякаваць. Я дзякую асабіста кс. Яну Гавецкаму, кіраўніку пілігрымкі, за магчымасць адчуць сапраўдную радасць у сэрцы падчас супольнага шляху да нашай Маці”, – з поўным удзячнасці сэрцам кажа Артур Мартынконiс, які рэгулярна ўдзельнічае ў пілігрымцы Іўеўскага дэканату.
Хлопец сапраўды мае за што дзякаваць, бо менавіта ў гэтай пілігрымцы сустрэў сваю жонку. Год таму падчас тракельскіх урачыстасцяў у санктуарыі яны заключылі сужэнскі саюз. Сёлета яны зноў ідуць разам, каб дзякаваць за першы год сумеснага жыцця.
Артур таксама ўдзячны ўсім пілігрымам за тое, што сталі адной супольнай камандай, якая крочыць за Хрыстом. Ён дзякуе і ўсім людзям, якія іх сустракалі па дарозе, кармілі, бралі да сябе на начлег.
Пілігрымка, нават юбілейная, нават пяцідзённая, нават вельмі чаканая і поўная духоўнай моцы, рана ці позна заканчваецца. “Але нашае пілігрымаванне да Маці Божай у Тракелі застаецца ў нашых сэрцах, у нашых душах, у нашых думках. Мы павінны заўсёды памятаць пра тыя радасныя пачуцці, якія мы адчувалі падчас гэтага шляху”, – падсумоўвае Артур, звяртаючыся да іншых пілігрымаў словамі заахвочвання:
“Пілігрымы, заўсёды памятайце пра тое, кім вы з’яўляецеся. Вы – армія Хрыста, якая крочыць за Хрыстом. Няхай гэта стане дэвізам вашага жыцця. Будзем маліцца адзін за аднаго. “Там, дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх” (Мц 18, 20)”.
Kожны пілігрым перакананы, што гэтыя пяць дзён не будуць змарнаваны, а прынясуць у іх жыцці плён Божай ласкі. Таксама пілігрымы ўпэўнены, што ўсе інтэнцыі і просьбы, якія яны прадстаўляюць Богу праз заступніцтва Марыі, будуць выслуханы, а жаданая ласка стане іх узнагародай.
“Глыбока веру і спадзяюся, што Марыя абавязкова прыме ўсе нашы просьбы і малітвы, з якімі мы ідзем да Яе”, – кажа Аляксандра Пышынская.
Удзельнікам 22-й пешай пілігрымкі Іўеўскага дэканату трэба пераадолець яшчэ крыху кіламетраў, але ўжо ў гэты момант яны дзякуюць адзін аднаму за прабыванне разам і чакаюць наступнага года, каб зноў прайсці гэты сумесны шлях.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Алеся Рушлевіч