Skip to main content

Без нараканняў у пілігрымку, або як наймалодшыя з Гродна крочаць у Тракелі

piligrimy deti 22Пілігрымка – гэта не толькі шлях, але і людзі, якія яе складаюць. Кожны ўдзельнік прычыняецца да стварэння клімату ў падарожжы.

Пілігрымуе не толькі моладзь і людзі старэйшага ўзросту, але заўсёды ўпрыгожваннем кожнай пілігрымкі з’яўляюцца дзеці. Стомленасць, неспрыяльнае надвор’е, мазалі, сум па доме, сябрах, іншыя абставіны адбіраюць энтузіязм і надзею ісці да мэты. Аднак, гледзячы на энергію наймалодшых вандроўнікаў, якім нішто не перашкаджае, хочацца крочыць наперад.

Адпаведным прыкладам гэтага з’яўляецца сёлетняя пешая пілігрымка, якая ў 21-ы раз вырушыла ў тракельскі санктуарый з Гродна.

Шматгадовым кіраўніком гэтай пілігрымкі з’яўляецца ксёндз канонік Павел Салабуда, пробашч наймалодшай парафіі ў Гродна. Не дзіўна, што ў гэтай пілігрымцы шмат дзяцей, якім найчасцей спадарожнічаюць маці.

Наймалодшым удзельнікам пілігрымкі Гродна – Тракелі ў гэтым годзе з’яўляецца трохгадовая Сафія Жамойда, якая другі год запар крочыць разам з мамай. Яе прыгожыя дзіцячыя вочы і вялікая адвага даюць прыклад руплівасці і аднаўляюць страчаныя сілы. Нават калі пасля прывалу пілігрымам цяжка ўстаць на ногі, маленькая Сафія звонкім голасам праз мікрафон заклікае хутчэй падымацца.

piligrimy deti 30

Акрамя яе пілігрымуюць і іншыя дзеці. Паліна Яскевіч, якой амаль 10 гадоў, у першы раз выбралася ў дарогу. Пайшла яна не проста так, але з канкрэтным настаўленнем – каб у Маці Божай выпрасіць ласку здароўя для сваёй прабабулі.

piligrimy deti 32

“Я б вельмі хацела, каб у маёй прабабулі не балелі ногі”, - упэўненым голасам агучыла сваю інтэнцыю дзяўчынка.

Ёсць і іншыя дзеці, якія не наракаюць на нязручнасці і дождж, якога ў гэтым годзе Пан Бог не шкадуе.

З перакананнем можна сцвердзіць, што гэты летні дождж з’яўляецца Божым благаслаўленнем. Нездарма ў Святым Пісанні гаворыцца, што дождж – гэта знак благаслаўлення. Таму можам смела сказаць, што Бог шчодра благаславіць усіх пілігрымаў.

 

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: Аляксандр Сергяюк