Skip to main content

Святыя місіі адбыліся ў парафіі Дзітва

dzitwa 2З 25 па 29 чэрвеня ў парафіі Св. Апосталаў Пятра і Паўла ў Дзітве (Лідскі дэканат) адбыліся святыя місіі, якія праводзіў а. Андрэй Агель SP. Падчас гэтых дзён, асаблівым чынам насычаных малітвай і Божым словам, вернікі не толькі аднавілі сваё духоўнае жыццё, але і ўзмацнілі сваю веру, каб мужна ісці за Хрыстом, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці.

На заканчэнне святых місій, 29 чэрвеня, адбыўся парафіяльны адпуст з нагоды Урачыстасці Св. Апосталаў Пятра і Паўла, які сабраў не толькі мясцовых жыхароў, але і тых, хто паходзіць з блізкіх вёсак і заўсёды верны сваёй парафіі. Св. Імшу ў гэты дзень узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Прыбылі таксама біскупскі вікарый кс. канонік Уладзімір Гуляй і мясцовыя святары Лідскага дэканату.

Падчас гаміліі біскуп прыгадаў постаць і жыццёвы шлях кожнага з апосталаў, якія былі такімі рознымі людзьмі, але якіх аб'ядноўвала адзіная мэта - несці Божае слова і крочыць за Хрыстом ажно да смерці.

Напрыканцы св. Імшы прадстаўнікі парафіі распавялі гісторыю стварэння супольнасці і будаўніцтва святыні, для чаго ўклаў вялікія намаганні кс. пробашч Рышард Перчак пры падтрымцы мясцовых вернікаў. Парафіяне выказалі шчырую падзяку а. Андрэю Агелю SP за благаслаўлёны час святых місій, а таксама біскупу Юрыю Касабуцкаму, які ўпершыню наведаў парафію ў Дзітве.

Іерарх адзначыў, што яго асабліва ўразіў малітоўны подых, які адразу адчуваецца ў гэтай невялікай і не так даўно пабудаванай святыні, а таксама шчыры клопат і любоў парафіянаў.

Урачыстасць завяршылася Эўхарыстычнай працэсіяй і асвячэннем місійнага крыжа, які з пашанай быў уцалаваны спачатку духавенствам, а затым і ўсімі прысутнымі, і які цяпер заўсёды будзе нагадваць кожнаму пра гэтую важную падзею ў жыцці і гісторыі парафіі.

Ілона Урбановіч