30 чэрвеня парафія Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i св. Андрэя Баболі у Мiнойтах (дэканат Ліда) адзначыла 90-годдзе асвячэння касцёла. Гэта быў асаблiвы дзень падзякi Пану Богу i людзям за дар мясцовай святынi, у якой вернiкi збiраюцца на малiтве.
На ўрачыстасці, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сабралася шмат парафіян і гасцей. Падчас св. Імшы іерарх удзяліў сакрамант хрысціянскай сталасці групе мясцовых вернікаў.
Кс. Андрэй Радзевiч, пробашч парафіі, пазнаёміў усіх прысутных з гісторыяй святыні. Святар адзначыў, што у Мінойтах, дзе сёння знаходзiцца дом-інтэрнат, была некалі сядзіба спадарства Гадачэўскіх, ва ўласнасці якiх знаходзілася шмат зямлі. У 20-ыя гады ў гаспадароў нарадзілася ідэя пабудаваць для сябе каталіцкую капліцу і запрасіць сюды святара, каб адпраўляў св. Імшу. Драўляная святыня была ўзнесена без нейкіх спецыяльных архітэктурных стыляў за сродкі Гадачэўскіх і парафіян у 1928 годзе, а асвечана 28 ліпеня 1929 года лідскім дэканам кс. Гіпалітам Баярунцам.
Першым пробашчам тут стаў кс. канонік Караль Любянец – святар з вялікай літары, які займаўся арганізацыяй парафіі і быў вялікім грамадскім дзеячам. Да гэтага ён доўга працаваў у Вільні, заклаў Таварыства Сэрца Езуса, якое займалася дапамогай патрабуючым і выхаваннем моладзі, быў выкладчыкам, духоўным айцом, а пазней віцэ-рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі. У 1929 годзе святар адмовiўся ад усiх пасад, якiя займаў у Вільні, і прыехаў у Мінойты, каб весці душпастырскую дзейнасць сярод вясковых людзей, вера і нацыянальнае ўсведамленне якіх былі моцна падарваны падчас панавання царскай улады. У мiнойтаўскай парафii працаваў да 1935 года. У 1942 годзе за актыўную душпастырскую дзейнасць кс. Любянец быў расстраляны нямецкімі нацыстамі.
Калі ў 1939 годзе прыйшла савецкая ўлада, у Гадачэўскіх адабралі маёмасць. Кс. Чэслаў Янкоўскі разам з кс. Міхалам Маеўскім, які таксама працаваў у той час у парафіі, атрымалі загад на працягу 24-ох гадзін пакінуць маёнтак. І хоць тых, хто спачуваў нялёгкаму лёсу выгнаннікаў, сярод мінойтаўскіх парафіян было шмат, запалоханыя савецкай уладай, яны баяліся браць святароў на кватэру. Прыняла іх сям’я Змітровічаў з Паддубна. У 1941 годзе, калі падыходзіла нямецкае войска, НКУСаўцы арыштавалі ксяндзоў і гаспадара дома і хацелі іх расстраляць, аднак не паспелі рэалізаваць намер, бо вымушаны былі ўцякаць ад немцаў. Калі ж вайна скончылася і зноў усталявалася савецкая ўлада, 14 жніўня 1950 года НКУС зноў арыштаваў кс. Янкоўскага нібыта за сувязь з АКаўцамі. У кастрычніку наступнага года суд прыгаварыў яго да 25-ці гадоў савецкіх лагераў і 5-ці гадоў пазбаўлення грамадскага права. Святар быў вызвалены ў сакавіку 1956 года і служыў у парафіі Мiнойты да дня смерці – 20 кастрычніка 1982 года. Кс. Радзевiч адзначыў, што нават у той час, калі святар быў у савецкіх лагерах, вернікі клапаціліся аб сваёй святыні. Сцераглі яе ўдзень і ўначы, каб савецкая ўлада не забрала будынак.
Парафія ў Мінойтах мела асаблівую Божую ласку, бо тут амаль заўсёды быў ксёндз. Спачатку кс. Любянец, пасля кс. Янкоўскі. Пасля яго смерці ў парафію прыйшоў малады святар – кс. Станіслаў Пацына. Затым некалькі гадоў са святарскай паслугай даязджаў кс. Тадэвуш Качан, а пасля яго пробашчам парафіі шмат годоў быў кс. Андрэй Стапыра.
“Мы сёння дзякуем за гэтую святыню, у якой ужо 90 гадоў збіраюцца вернікі, каб усхваляць Пана Бога. Дзякуем за тых людзей, якія яе будавалі і за тых, хто на працягу ўсіх гэтых гадоў клапаціўся пра яе”, – адзначыў кс. Андрэй у сваёй прамове.
Святар адзначыў, што асабіста для яго гэтая святыня з’яўляецца сімвалам веры мясцовых парафіян: “Яна такая простая, звычайная, можа, нічым не прыкметная, не мае нават свайго архітэктурнага стылю, аднак у той жа час такая моцная і прыгожая ў сваёй прастаце. Яна выстаяла і ў часы ІІ Сусветнай вайны, і ў часы савецкай атэізацыі”.
Кс. бп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў пробашчу парафіі і вернікам за клопат аб святыні, заахвочваючы, каб яны працягвалі напаўняцца ў гэтым месцы надзеяй, уласцівай Евангеллю. Пастыр Гродзенскай дыяцэзii падзякаваў парафіянам за iх сведчанне веры – вельмі простае і вельмы прыгожае, якое яны пранеслі праз усе трывожныя часы і якое квітнее ў iх сэрцах таксама сёння.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Жанна Вераціла