Адпустовая ўрачыстасць у гонар апекуна парафіі св. Уладзіслава адбылася ў Суботніках 27 чэрвеня. Вернікі мелі магчымасць адараваць
Найсвяцейшы Сакрамант і памаліцца Літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, прадставіўшы яму свае просьбы і падзякі.
Па запрашэнні пробашча парафіі кс. Аляксандра Лебядзевіча Эўхарыстыю ўзначаліў кс. Віктар Захарэўскі, пробашч парафіі Раготна (Дзятлаўскі дэканат).
У гаміліі святар нагадаў вернікам гісторыю св. Уладзіслава, цуд яго беатыфікацыі. У гэты дзень таксама прыпала заканчэнне актавы Божага Цела, таму кс. Віктар заклікаў прысутных заўсёды памятаць пра вялікі Божы дар, схаваны ў Эўхарыстыі. Езус цярпліва чакае кожнага з нас у касцёле, але прымаць Яго трэба свядома, як найвялікшую каштоўнасць, з чыстым сэрцам.
Дзякуючы святарам з суседніх парафій падчас урачыстасці можна было прыступіць да сакраманту пакаяння і паяднання.
Пасля св. Камуніі ўсе прысутныя заспявалі гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”.
Напрыканцы ўрачыстасці кс. Віктар асвяціў вяночкі і зёлкі, якія прынеслі вернікі на заканчэнне актавы Божага Цела, а пробашч кс. Аляксандр падзякаваў прысутным святарам, вернікам і гасцям парафіі за супольную малітву і ўдзел у адпусце.
Людміла Пясецкая