19-22 чэрвеня ў Чампіно недалёка ад Рыма адбыўся XI Міжнародны моладзевы форум, арганізаваны Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Ён быў прысвечаны падвядзенню вынікаў Сіноду Біскупаў 2018 года на тэму моладзі.
У форуме ўдзельнічалі прадстаўніца Гродзенскай дыяцэзіі Елізавета Богуш з Гродна і прадстаўніца Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Людміла Гайдук з Лагойска.
Форум аб’яднаў моладзь з больш чым 100 краін, а таксама прадстаўнікоў каталіцкіх арганізацый і рухаў.
Сваімі нататкамі з сустрэчы дзеляцца ўдзельніцы.
Дзень першы
Мы распачалі нашу сустрэчу ў сераду раніцай, калі нас віталі два кардыналы, прысутныя сярод галоўных лідараў Сіноду, кардынал Фарэл, які адказвае за свецкіх, сям'ю і жыццё, і кардынал Бальдысэры, адказны за ўсе Сіноды (які, нягледзячы на ўсе свае абавязкі, змог знайсці для нас час). Міжнародны форум праводзіўся на 4 мовах: англійскай, французскай, іспанскай і італьянскай. Каля трохсот чалавек сабраліся ў зале з навушнікамі.
Кардынал Фарэл апавядаў аб лісце Папы Францішка маладым людзям "Christus Vivit" (Хрыстус жывы), апублікаваным пасля ўсіх дыялогаў з маладымі людзьмі і пра маладых людзей. Кардынал адзначыў, што ён нядаўна гаварыў з Папам аб гэтай сустрэчы і, калі ён сказаў, што "маладыя людзі з'яўляюцца важнай часткай Касцёла", Папа паправіў яго: "маладыя людзі не з'яўляюцца важнай часткай Касцёла, яны з'яўляюцца Касцёлам”.
Ён нагадаў нам, якім быў Езус: “Так, Ён быў поўны мудрасці, але Ён быў малады. Калі б Ён быў тут, то сядзеў бы з вамі! Ён быў малады, калі кінуў выклік кніжнікам і фарысеям, калі Ён вучыў і чыніў цуды, калі Ён ішоў супраць сістэмы: Ён быў твайго ўзросту!”
Кардынал Бальдысэры пачаў з апісання форуму як "сапраўднага ўз'яднання" - і мне таксама так здаецца! Хаця многія з тых, хто ўдзельнічаў разам з намі ў форуме, пачаткоўцы ў гэтым працэсе, але значная частка была на месячным Сінодзе ў Рыме ў кастрычніку. Ён заўважыў, што гэтыя знаёмыя твары прымушалі яго "адчуваць сябе тут добра, як быццам я быў у сям'і, вялікай сям'і".
Кардынал дадаў, што на дадзены момант біскупы і папа Францішак хочуць зноў прыцягнуць маладых людзей, таму што мы - тыя, хто праецыюецца ў будучыню. Ён падзякаваў нам за тое, што мы ажывілі працэс і прынеслі свежае паветра, нагадаў, што папа Францішак яшчэ раз падкрэсліў у размове з ім, што давярае нам.
Трэцім да нас звярнуўся айцец Джакама, які распавёў пра ідэю Сіноду і пра тры словы, якія падводзяць вынік, а менавіта распазнанне, інтэрпрэтацыя і выбар. Распазнанне азначала ўменне слухаць - асабліва праз прызму веры. Інтэрпрэтацыя - гэта пастаноўка пытання: на якія пытанні Сінод змог адказаць, а на якія не? - і вучыцца. Выбар - гэта апошні крок, бо любы працэс павінен прывесці да дзеяння.
Наступным пунктам ранішняй сустрэчы было дзяленне маладых удзельнікаў Сіноду. Найбольш яскравай была прэзентацыя дзяўчыны з Уганды. Насельніцтва Уганды вельмі маладое, і 44% з іх з’яўляюцца католікамі. Урад прымае ўдзел у ажыццяўленні праектаў, многія каталіцкія радыёстанцыі даюць моладзі вольны час для абмеркавання гэтага пытання, студэнты і маладыя спецыялісты актыўна ўдзельнічаюць у гэтых праектах. У кожнай частцы нашай сустрэчы быў прадугледжанны час на “адкрыты мікрафон”. Кожны, хто хацеў задаць пытанне ці падзяліцца сваімі перажываннямі, меў такую магчымасць. Мы чулі галасы маладых людзей з розных куткоў свету, іх радасці і дасягненні, а таксама праблемы.
Пасля абеду мы былі падзелены на малыя моўныя групы, у якіх у больш свабоднай атмасферы маглі паразмаўляць і падзяліцца вопытам. Наша першая сустрэча была прысвечана абмеркаванню ўплыву моладзевага Сіноду на нашыя мясцовыя Касцёлы. Сінод адбыўся толькі ў кастрычніку 2018 года, а ліст Папы да моладзі быў апублікаваны толькі ў сакавіку.
Аднак мы ўсе пагадзіліся з тым, што мы адчулі зрух у іерархіях і кіраўніцтве, што біскупы і святары больш не проста размаўляюць з моладдзю, а слухаюць, прытрымліваючыся прыкладу Папы Францішка. Але, калі мы размаўлялі пра моладзь, большасць з удзельнікаў адчувалі, што яны ўсё яшчэ добраахвотнікі і памочнікі, а не сапраўдныя лідары, якія самастойна прынімаюць рашэнні і адказваюць за праекты. Так што жаданне моладзевага лідарства праявіць сябе па-ранейшаму моцнае ў многіх краінах. Пасля працы ў групах мы зноў забраліся разам, каб паслухаць падсумаванні працы ў групах і падзяліцца ўражаннямі.
Дзень другі
Другі дзень форума быў прысвечаны чытанню і аналізу паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі Папы Францішка Christus vivit. У тую раніцу ў нас была выдатная прэзентацыя аб тым, што Папа называе ў лісце "вялікім пасланнем для ўсіх маладых людзей" - пасланне аб тым, што "Бог ёсць любоў", што "Хрыстус ратуе вас" і што "Ён жывы!". Прафесар тэалогіі, які памагаў нам лепей зразумець 4-ю частку адгартацыі, патлумачыў нам многія ўрыўкі Бібліі, дзе Бог апавядае аб сваёй любові, а таксама паказаў, якой рознай і моцнай гэтая любоў можа быць.
Праца ў групах гэтага дня была ўжо крыху іншай, мы ўжо адчулі сябе вялікай сям’ёй, таму былі больш адкрытыя ў дзяленні і не баяліся задаваць цяжкіх пытанняў. Дзяўчына з Сірыі падзялілася з намі сваёй гісторыяй. Яна і яшчэ адзін удзельнік форуму былі першымі сірыйскімі маладымі людзьмі, якім біскупы гэтай краіны дазволілі вылецець за мяжу з-за сітуацыі там. Яна сказала нам, што яе краіна знаходзіцца ў стане вайны на працягу васьмі гадоў, і маладыя людзі пытаюцца: "чаму я? Чаму я павінен страціць бацькоў або дом? Або страціць руку або нагу, ці аслепнуць? Ці ўбачыць, як памірае мой сябар?"
Яна сказала, што яны губляюць давер да Бога і да сябе і што, магчыма, гэты ліст ад Папы можа нагадаць ім пра тое, што яны сапраўды любімыя, і дапамагчы ім зноў стаць людзьмі, у поўні і без страху глядзець у будучыню. Яна сказала, што ў той час, як у развітым свеце мы пыталіся: "Як Бог можа любіць мяне?", у яе краіне маладыя людзі пыталіся: "Калі мяне сапраўды любіць мой Бог, чаму ў мяне такія праблемы?”
Дзень трэці
Пятніца была нашым трэцім і апошнім днём канферэнцый. Пасля абмеркавання таго, у якой ступені Сінод паўплываў на нашы краіны ў сераду, і якія часткі ліста Папы да моладзі былі актуальныя для нас у чацвер, у пятніца мы былі сканцэнтраваны на тым, як мы можам ісці наперад і якое натхненне забяром з форуму.
Падчас ранішняй часткі да нас звярнуўся айцец Россано Саля, які паказаў нам вельмі цікавы мультфільм аб тым, як дарослыя і маладыя людзі павінны дапамагаць адзін аднаму, таму што моладзь не баіцца глядзець у будучыню, а дарослыя маюць досвед і жыццёвую мудрасць. Таму нам у Касцёле вельмі патрэбна cупрацоўніцтва (collaboration) - вельмі важнае слова, якое часта гучала падчас форуму.
Мы таксама закранулі тэму служэння і нашай місіі. Вельмі часта мы пытаемся: “Навошта Бог мяне стварыў?” І вельмі часта мы не знаходзім адказ на нашае пытанне. Як вучні Хрыста, мы павінны пытацца: “Для чаго Ты меня стварыў, каму я магу служыць сваім жыццём?”
Падчас працы ў групах мы падзяліліся тым, што больш за ўсё натхняла нас на форуме, калі мы слухалі адзін аднаго пра становішча моладзі і Касцёла ў нашых краінах, пра тое, як мы маем зносіны і чаму вучымся, слухаючы адзін аднаго. Мы таксама згадзіліся, што жывем у вельмі розных частках свету і маем розные праблемы, але усе разам утвараем адзіны Касцёл, прыгожы ў сваёй разнастайнасці.
На вячэрнім пасяджэнні мы разам зрабілі падсумаванне форуму, дзелячыся тым, што перажылі падчас яго і што, на нашую думку, павінна змяніцца у нашых мясцовых Касцёлах.
Галоўным элементам высноваў было абвяшчэнне айца Аляксандра і айца Жоао Шагаса, кіраўніка Моладзевага офіса Дыкастэрыі, што Дыкастэрыя створыць Раду служэння з моладдзю з мэтай павышэння ўзаемнага слухання і сумеснай адказнасці моладзі ў Касцёле.
Дзень чацвёрты
Гэта быў хіба найбольш чаканы дзень з усіх. Кожны думаў, што ён скажа Папу Францішку і як пройдзе сустрэча з ім. Мы ўсе забраліся ў 5:45 раніцы, каб паснедаць, таму што павінны былі быць на Імшы ў базыліцы святога Пятра ў 9 раніцы, а трэба было яшчэ сабраць рэчы і даехаць да Ватыкана.
Базыліка святога Пятра - гэта будынак, які ніколі не перастае здзіўляць. Імшу ўзначаліў кардынал Фарэл. Прапаведуючы аб пасланні святога Паўла да Карынцянаў, ён сказаў: “Важна памятаць, што ў нашым жыцці ўсё зводзіцца да сустрэчы з асобай Езуса Хрыста. Гэта тое, што змяняе наша жыццё, гэта тое, што змяніла жыццё Паўла. Не ўсе даследаванні, якія ён праводзіў, а яго сустрэча з Езусам Хрыстом, асобай Уваскрослага Хрыста, радыкальна змянілі жыццё Паўла. Сёння мы таксама можам змяніць сваё жыццё, мы таксама можам напоўніцца радасцю Евангелля толькі тады, калі сустрэнемся з асобай Хрыста”.
Пасля Імшы мы накіраваліся ў Апостальскі палац і сталі чакаць Папу Францішка. Кожны раз, калі хтосьці адчыняў дзверы, мы думалі, што Папа прыйдзе. Гэта працягвалася каля паўгадзіны. У нейкі момант кардынал Бальдысэры пажартаваў, што Пата збіраецца спусціцца са столі. А потым ён прыехаў, і пакой нібы звар'яцеў ад крыкаў і воплескаў.
На самым пачатку моладзь звярнулася да Папы з падсумаваннем таго, чым былі тры дні сумленнай працы форуму: “Мы - твар Хрыста, цалкам жывога. У гэтыя дні мы па-сапраўднаму адчулі сусветны Касцёл, багацце разнастайнасці краін і культур, якія мы ўяўляем. Наша місія караніцца ў нашай ідэнтычнасці, праўдзе аб тым, што мы бясконца любімыя. Менавіта з гэтай любові мы ідзем наперад, жывучы сваім жыццём для іншых.
Як малады Касцёл, мы імкнемся слухаць, адрозніваць, расці і дазваляць кожнай частцы нашага жыцця быць ператворанай. Мы адданыя таму, каб быць галоўнымі дзеючымі асобамі, як адзін Касцёл на шляху да сумеснай працы, да сумеснага прапаведвання. Мы верым, што праз Хрыста мы валодаем здольнасцю працягваць уносіць свой каштоўны ўклад. Гэты сінадальны шлях натхніў нас на пошук канкрэтных шляхоў абнаўлення Касцёла і грамадства, нягледзячы на выклікі, з якімі мы можам сутыкнуцца”.
Папа таксама звярнуўся да нас са сваім словам, поўным любові, клопату і жартаў.
А пазней кожны з удзельнікаў мог падысці і мець свае “30 секунд з Папам”, як я гэта назвала. Мы з Мілай падзякавалі Папу за яго апеку над моладдзю і перадалі, што маладыя католікі Беларусі вельмі любяць яго і чакаюць, каб ён нас наведаў.
Пасля гэтай асабістай сустрэчы ён пажартаваў, сказаўшы: "Я думаю, што вы вельмі шчаслівыя, што прынялі ўдзел у форуме, і цяпер, калі прыйшоў час развітвацца, нам сумна, але вашы мамы будуць шчаслівыя, таму што вы вяртаецеся дадому”. А пасля ён папрасіў нас усіх заспяваць "З днём нараджэння" аднаму з маладых супрацоўнікаў Апостальскага палаца, які дапамагае рыхтаваць залу для сустрэч, што яшчэ раз падкрэсліла, які клапатлівы і поўны айцоўскай любові кіраўнік Каталіцкага Касцёла.
Пасля сустрэчы мы ўсе высыпалі на плошчу святога Пятра і развіталіся, накіроўваючыся ў свае часткі свету. Я заўсёды буду ўдзячная за гэтыя магчымасці, за сяброў, якіх я набыла, і за важную працу, якую нам даверылі зрабіць. Нас так слухалі. У мяне ёсць рэальная надзея, што мы ўбачым, як многія з нашых мясцовых Касцёлаў, дзякуючы працы многіх маладых людзей, стануць сапраўднымі месцамі гасціннасці і сустрэчы з Езусам.
JM