15 чэрвеня ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбылася сустрэча членаў малітоўнай групы апостальскага руху “Маргарытка”. Яны штодзённа моляцца ў інтэнцыі святароў, прысвячаюць за іх цярпенні і ахвяры кожны дзень.
На сустрэчы сабралося больш за 350 чалавек з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі. Прысутнічалі папярэдні мадэратар малітоўнай групы ў гэтай дыяцэзіі кс. Валерый Быкоўскі і цяперашні мадэратар кс. Ян Сарэла.
У межах сустрэчы кусташ санктуарыя кс. Юрый Бяганскі пазнаёміў прысутных з культам Маці Божай Тракельскай і мясцовай святыняй. Ён нагадаў пра юбілеі, якія адзначаюцца ў гэтым годзе: 210-годдзе з часу будаўніцтва касцёла, 25-годдзе абвяшчэння яго санктуарыем і 10-годдзе каранацыі цудатворнага абраза.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх ад уласнага імя і ад імя духавенства дыяцэзіі выказаў словы глыбокай і шчырай удзячнасці ўсім, хто належыць да апостальства “Маргарытка”. Ён падзякаваў за малітвы, духоўныя і матэрыяльныя ахвяры, якімі падтрымліваюць святароў у іх служэнні Касцёлу, тлумачачы, што кожны з пакліканых да Хрыстовага святарства – звычайны, слабы чалавек, поўны крохкасці, абмежаванасці і недасканаласці.
Біскуп падкрэсліў, што дзякуючы падтрымцы вернікаў кожны святар адчувае сябе мацнейшым, больш трывалым духоўна і больш упэўненым ва ўсім, што робіць.
Малітоўная група “Маргарытка” паўстала ў Гродзенскай дыяцэзіі некалькі гадоў таму па ініцыятыве кс. Валерыя Быкоўскага і саміх свецкіх вернікаў.
Сутнасць апостальскага руху “Маргарытка” – штодзённая малітва за канкрэтных святароў. Членамі гэтага руху становяцца людзі, якія жадаюць аберагаць сваіх пастыраў самай паспяховай зброяй, якой з’яўляецца малітва, і ўмацоўваць сваю асабістую сувязь з Хрыстом праз пасрэдніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.
У Гродзенскай дыяцэзіі афіцыйна зарэгістравана больш за 1300 суполак “Маргарытка”, члены якіх моляцца ў інтэнцыі абранага святара.
Кс. Юрый Марціновіч