13 чэрвеня ў пабернардынскім касцёле Адшукання Святога Крыжа ў Гродне адбылася штогадовая адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Антонія Падуанскага.
Tаксама пробашча парафіі кс. прэлат Антоні Ханько ў гэты дзень адзначаў імяніны і юбілей 70-годдзя.
Вячэрнюю святую Імшу цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі біскуп адзначыў, што цяжка знайсці ў свеце католіка, які б не ведаў, хто такі святы Антоні Падуанскі, не ведаў яго абраза ці фігуры, не заклікаў на малітве яго заступніцтва ў розных цяжкасцях і патрэбах, а асабліва ў пошуку згубленых рэчаў.
Іерарх падкрэсліў, што жыццярыс святога з Падуі – прыгожае сведчанне яго вялікай пакоры і паслухмянасці Божай волі: ён ніколі не ставіў на першым месцы сваіх асабістых планаў, надзей і мараў.
Кажучы пра асобу кс. прэлата Ханько, які ў гэты дзень адзначаў свой прыгожы юбілей, біскуп нагадаў, што пачаткі яго святарства прыпалі на цяжкія часы, калі на Гродзеншчыне так моцна адчуваўся недахоп душпастыраў.
Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі падзякаваў кс. прэлату за служэнне Касцёлу, а асабліва за працу на працягу многіх гадоў канцлерам Гродзенскай курыі. “Калі ў далёкім 1992 годзе я папрасіў цябе прыехаць у Гродна, каб падтрымаў мяне як маладога пастыра новаўтворанай дыяцэзіі, у духу паслухмянасці і святарскага клопату аб Касцёле, ты ахвотна прыбыў у горад над Нёманам”, – сказаў іерарх.
Біскуп падзякаваў за клопат аб матэрыяльным і духоўным Касцёле, за рамонт святыні, за абвяшчэнне Божага слова і ўдзяленне сакрамэнтаў, за асабістае сведчанне веры і добрае, айцоўскае сэрца, адкрытае для кожнага.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Уладзіслаў Наумчык