7 чэрвеня ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні выпускнікі 11 класаў сабраліся на святой Эўхарыстыі, каб скласці сваю падзяку Богу за ўсе ласкі, атрыманыя на працягу 11 гадоў навучання ў школе.
Разам з імі прысутнічалі іх бацькі і настаўнікі. На пачатку Імшы вучні папрасілі ўсіх вернікаў, прысутных у касцёле, далучыцца да іх і разам падзякаваць за здароўе, здольнасці, магчымасць набыць веды і навыкі, за бацькоў, настаўнікаў, выхавацеляў, сясцёр законных і святароў, якія ўпарта працавалі, каб фармаваць іх маладыя розумы і сэрцы.
Вучні шчыра дзякавалі Богу за добрыя парады і рэкамендацыі, якія атрымлівалі ад старэйшых, і за тое, што бацькі, настаўнікі і выхавацелі з патрабавальнай любоўю падтрымлівалі іх у хвіліны слабасці і прывялі да Хрыста.
Выпускнікі таксама зазначылі, што ўсведамляюць свае слабыя бакі, таму прасілі Бога аб прабачэнні за адсутнасць энтузіязму да вучобы, марнаванне талентаў, хлусню і ляноту, дрэнныя паводзіны і недружалюбнасць да бацькоў, настаўнікаў, выхавацеляў і калег, за тое, што не заўсёды ахвотна хадзілі ў школу, за адсутнасць свядомасці і праўды ў сваім жыцці.
Падчас Эўхарыстыі, якую цэлебраваў пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB, выпускнікі пачулі ад яго заклік не баяцца ўсё даверыць у рукі Бога, бо “калі Бог з намі, хто ж супраць нас!”.
Напрыканцы святой Літургіі кс. Алег Жураўскі ўдзяліў прысутным благаслаўленне праз заступніцтва Марыі Успамогі Хрысціянаў і прапанаваў выпускнікам даверыць сябе апецы Марыі. Святар дадаў, што калі яны хочаць убачыць у сваім жыцці цуды, то павінны часта прамаўляць Ружанец і ніколі не забывацца пра гэту цудатворную малітву.
Пасля шчырай малітвы і Божага благаслаўлення выпускнікі вярнуліся дадому, каб падрыхтавацца да наступнага важнага моманту – развітання са школай.
С. Вераніка Блізнюк FMA