Skip to main content

Насычаную і разнайстайную праграму падарылі ўдзельнікам арганізатары Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці

ddd zabawy 27Аснова кожнага свята – добра падрыхтаваная праграма, тым больш калі гэта свята дзяцей. Таму арганізатары IX Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які прайшоў 1 чэрвеня ў Гродне, падрыхтавалі для ўдзельнікаў шэраг забаўляльных мерапрыемстваў.

Вельмі добрае надвор’е паспрыяла таму, што дзеці маглі бесклапотна аддацца прыемнасцям. А сёлета гэтых прыемнасцяў было вельмі шмат: цырульніцкі салон, маляванне на тварах, творчая майстэрня, дзе дзеці маглі самастойна зрабіць фотарамкі з выявай Святой Сям’і, бранзалеты і закладкі ў кніжку.

Традыцыйна не абышлося без батутаў і надзіманых горак. Таксама была магчымасць паіграць на розных музычных інструментах, а для зацікаўленых працавала фізіка-хімічная лабараторыя.

Цікавым падарункам стаў прыезд байкераў, падчас якога дзеці маглі зрабіць фотаздымак і пасядзець на матацыкле. Вельмі прыемным момантам для ўдзельнікаў свята, якіх сёлета было каля 2500, сталі забавы ад Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Удзельнікі сустрэчы маглі ўбачыць цудоўнае прадстаўленне працаўнікоў дзяржаўнай службы. Дзецям выпала магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі служачага МНС, апрануўшы працоўную форму. Самым захапляючым момантам стала прадстаўленне з вадой. Самыя смелыя ўдзельнікі дыяцэзільнай сустрэчы не пабаяліся апынуцца пад вадой, што прыносіла ім вялікае задавальненне.

На сцэне выступіла шмат знаёмых постацяў. Былі таксама артысты Гродзенскага лялечнага тэатра, фокуснікі з цырка і іншыя.

Танцам і забавам не было канца. Усе разам у гэты дзень імкнуліся даць дзецям тое, што з’яўляецца найважнейшым: радасць і весялосць, і, здаецца, гэта цалкам удалося. Дзеці, поўныя ўражанняў, крыху са смуткам, бо так хутка праляцеў гэты цудоўны дзень, пакідалі прыкасцёльную тэрыторыю парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Уладзіслаў Кузікевіч