Skip to main content

Адбылася сустрэча катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі

kat lida 2827 мая ў лідскай парафіі Святой Сям’і прайшла сустрэча катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі. Падчас яе быў падсумаваны 2018-2019 катэхетычны год у дыяцэзіі.

На сустрэчы сабраліся святары, сёстры законныя і свецкія катэхеты.

Сустрэча стала часам абмену досведам, вынесеным з катэхізацыі дзяцей і моладзі, роздуму над пройдзеным перыядам, a таксама вызначэння планаў на будучыню.

У яе межах прысутныя выслухалі два даклады выкладчыкаў гродзенскіх каталіцкіх навучальных устаноў. З першым выступіў кс. д-р Віталій Сідорка, які звярнуў увагу на адсутнасць жаданага эфекту катэхетычнага прапаведвання. Ён падкрэсліў, што, каб слова дасягнула адрасатаў, кожны катэхет павінен адаптаваць сваю катэхезу да іх і казаць мовай зразумелай і даступнай.

kat lida 25

З другім дакладам выступіў а. Андрэй Шчупал CSsR, які казаў пра супрацоўніцтва катэхетаў з бацькамі, без якога катэхетычна-душпастырская дзейнасць, скіраваная да дзяцей і моладзі, малапаспяховая. Рэдэмптарыст падкрэсліў, што па гэтай прычыне трэба пастаянна тлумачыць бацькам абавязак выхавання сваіх дзяцей, а Касцёл спаўняе толькі дапаможную ролю.

Сустрэча завяршылася святой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх выказаў падзяку ўсім тым, хто працуе на полі катэхізацыі, за чарговы год адданага служэння і адзначыў, што гэта вялікая і адказная задача, якая ляжыць на кожным катэхеце. Біскуп пажадаў, каб блізкі час канікул стаў часам адпачынку для тых, якія катэхізуюць, а таксама часам давання сведчання.

Кс. Юрый Марціновіч

Фота: с. Ганна Мацуль CSFN