Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!
У бягучым годзе Касцёл на Гродзеншчыне перажывае двайны юбілей, звязаны з культам Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых сем’яў: 25-годдзе ўстанаўлення дыяцэзіяльнага санктуарыя ў Тракелях і 10-годдзе каранацыі славутага ласкамі тракельскага абраза папскімі каронамі. З гэтай нагоды я вырашыў скіраваць да вас, дарагія браты і сёстры, маё пастырскае слова, каб нагадаць гісторыю культу Маці Божай у тракельскай выяве і заахвоціць да нястомнага паглыблення пашаны да нашай нябеснай Апякункі.
Першыя гістарычныя ўзгадкі пра парафію ў Тракелях паходзяць з канца XV стагоддзя і звязаны з асобай яе фундатара, віленскага ваяводы Марціна Гаштольда. Абраз Маці Божай Тракельскай узнік крыху пазней, верагодна, у першай палове XVII стагоддзя, і быў прывезены з Вільні. Аўтар абраза невядомы. Палатно прадстаўляе Марыю з Дзіцяткам Езусам на ўзор цудадзейнай выявы Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі Санта Марыя Маджорэ. Культ Маці Божай Снежнай, якая завецца таксама Уратаваннем рымскага народа, распаўсюдзіўся ў Еўропе пасля перамогі саюзных хрысціянскіх войскаў над туркамі пад Лепанта ў 1571 годзе, а яго руплівымі распаўсюджвальнікамі былі езуіты, якім каля двух стагоддзяў належала парафія ў Тракелях. На тракельскім абразе бачная таксама постаць св. каралевіча Казіміра, які ўкленчвае перад выявай Маці Божай з Дзіцяткам.
Такім чынам на адным палатне злучаны два найпапулярнейшыя тады на нашых землях культы: Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра, падкрэсліваючы пры гэтым надзвычайную марыйную пабожнасць каралевіча з роду Ягелонаў.
На аснове найстарэйшых сведчанняў можна сцвярджаць, што амаль з самага пачатку тракельскі абраз карыстаўся асаблівай пашанай вернікаў. Ужо ў сярэдзіне XVII стагоддзя была створана рэлігійная песня ў гонар Маці Божай Тракельскай. Існуе таксама мясцовае паданне аб тым, што калі ў 1656 годзе падчас польска-шведскай вайны тракельскі касцёл быў дашчэнту спалены, абраз захаваўся і быў знойдзены ў попеле непашкоджаным, а сляпы чалавек, які яго знайшоў, адразу ж атрымаў зрок. Пасля гэтага здарэння культ Маці Божай Тракельскай яшчэ больш развіўся, як сведчаць пра гэта парафіяльныя хронікі, шматлікія вотумы, змешчаныя ля абраза, а таксама звычай яго ўрачыстага адкрыцця і закрыцця ў знак асаблівай пашаны.
На працягу ўсёй гісторыі парафіі ў Тракелях абраз знаходзіўся ў галоўным алтары касцёла і яго наведвала мноства вернікаў з блізкіх і далёкіх ваколіц. На жаль, цуды і ласкі, спазнаныя праз заступніцтва Маці Божай Тракельскай, не занатоўваліся. Да нашых часоў дайшло паданне пра цудоўнае аздараўленне дванаццацігадовай дзяўчынкі, якая пакутавала на параліч ног. Бацька дзяўчынкі прывёз яе на возе ў Тракелі на адпустовую святую Імшу. У дарозе дзяўчынка моцна малілася, просячы Пана Бога аб ласцы аздараўлення праз заступніцтва Маці Божай. Калі спыніліся перад галоўным уваходам у касцёл, дзяўчынка саскочыла з воза і ўласнымі сіламі пайшла да цудадзейнага абраза, каб падзякаваць Маці Божай за атрыманую ласку.
Tаксама найноўшую гісторыю парафіі ў Тракелях можна ўспрымаць як сведчанне незлічоных Божых ласкаў.
З 1958 года на працягу амаль 30 гадоў парафія была пазбаўлена святара, а касцёл павінен быў быць разабраны. Аднак актыўныя парафіяне мужна сталі ў абарону сваёй святыні і не дапусцілі яе знішчэння: днём і ноччу вартавалі касцёл, арганізавалі дзяжурствы, маліліся на яго прыступках, а калі касцёл удалося вярнуць, паклапаціліся нават аб прысутнасці ў ім Найсвяцейшага Сакрамэнту. Кожны год у адпустовае свята, 2 ліпеня, нягледзячы на адсутнасць святара, на прыкасцёльным пляцы збіралася некалькі соцень вернікаў, якія супольна маліліся праз заступніцтва Маці Божай і спявалі марыйныя песні.
З канца 80-х гадоў ХХ стагоддзя, дзякуючы старанням найперш святароў, якія прыязджалі з суседніх парафій, а потым чарговых тракельскіх пробашчаў, пачынае ажыўляцца культ славутага ласкамі абраза, прыбываюць да яго ўсё больш шматлікія групы вернікаў, каб прасіць заступніцтва Маці Божай у разнастайных патрэбах. Беручы пад увагу багатую і незвычайна цікавую гісторыю гэтага месца і глыбокую пашану, якою вернікі атачаюць абраз Маці Божай, кіруючыся духоўным дабром вернага люду Гродзенскай дыяцэзіі, у 1994 годзе я прыняў рашэнне ўстанавіць парафію Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Тракелях дыяцэзіяльным санктуарыем Маці Божай Тракельскай, Каралевы нашых сем’яў. Гэта выклікала яшчэ больш дынамічнае развіццё культу Маці Божай, якое знайшло свой выраз між іншым у аднаўленні пілігрымкавага руху і ва ўсё больш урачыстых адпустовых святкаваннях, на якіх збіраліся тысячы вернікаў з розных куткоў Гродзенскай дыяцэзіі. З году ў год тракельскі санктуарый станавіўся ўсё больш вядомым таксама ў іншых дыяцэзіях, а нават і за межамі краіны.
Чарговай важнай падзеяй у гісторыі тракельскага санктуарыя была ўрачыстая каранацыя абраза папскімі каронамі.
Абрад каранацыі па даручэнні Папы Бэнэдыкта XVI здзейсніў 5 ліпеня 2009 года кардынал Казімір Свёнтэк у прысутнасці ўсяго епіскапату Беларусі, шматлікага духавенства і мноства вернікаў, шанавальнікаў Маці Божай. Каранацыя тракельскага абраза падкрэсліла асаблівае значэнне санктуарыя ў жыцці нашага мясцовага Касцёла, а таксама стала своеасаблівым запрашэннем да далейшага развіцця марыйнай пабожнасці.
Дарагія браты і сёстры! Двайны юбілей тракельскага санктуарыя, які прыпадае ў гэтым годзе, з’яўляецца добрай нагодай, каб дзякаваць Пану Богу за дар Марыі як нашай Маці. Перакананы, што кожны з нас, без выключэння, не адзін раз у жыцці спазнаў, якая бясконца вялікая і глыбокая Яе матчына любоў, якая чулая і клапатлівая Яе апека, якое магутнае і пастаяннае Яе заступніцтва за нас перад Богам.
Дзякуем Пану таксама за дарагі нашаму сэрцу санктуарый у Тракелях, які з’яўляецца красамоўным сведчаннем прысутнасці Марыі ў гісторыі нашых земляў і ў жыцці нашых папярэднікаў, а ў апошнія дзесяцігоддзі стаў таксама сімвалам апекі Маці Божай над нашым маладым Касцёлам на Гродзеншчыне.
Сёлетні юбілей – гэта і заахвочванне, каб мы яшчэ больш горача, з яшчэ большай верай і трываласцю ўзносілі нашы просьбы і малітвы да Марыі, давяраючы Яе мацярынскаму заступніцтву
Taк прыгожа склалася, што ў Касцёле ў Беларусі мы адзначаем зараз Год сям’і. Таму асаблівым чынам даручым нашы сем’і Маці Божай Тракельскай.
Няхай яны будуць моцныя ў веры, надзеі і любові. Няхай будуюць сваё шчасце на надзейным фундаменце Божага слова і непрамінальных евангельскіх каштоўнасцяў. Молімся таксама за сем’і, якія перажываюць крызіс, якім пагражае распад, якія змагаюцца з рознымі праблемамі і перажываюць разнастайныя цярпенні. Няхай Найсвяцейшая Маці, Каралева нашых сем’яў, возьме іх у сваю асаблівую апеку, няхай выпрасіць для іх ласку навяртання, міру і паяднання, няхай дапаможа ім спаткацца з Хрыстом Збаўцам, які нястомна выходзіць нам насустрач з дарам сваёй міласэрнай любові.
Kарыстаючыся нагодай, ужо сёння запрашаю вас усіх, дарагія дыяцэзіяне, на юбілейныя ўрачыстасці, якія адбудуцца ў Тракелях 12-13 ліпеня. Асаблівым чынам запрашаю сужэнствы, якія адзначаюць у гэтым годзе юбілеі 10-, 25- і 50-годдзя шлюбу. Ваша прысутнасць ля падножжа Марыі, Каралевы нашых сем’яў, у дні Яе свята будзе ўзрушальным сведчаннем, што прыгожая, праўдзівая, верная і трывалая любоў магчымая, калі яе будаваць штодзённа на фундаменце веры і пастаянна ўмацоўваць Божай ласкай.
На духоўную падрыхтоўку да тракельскага юбілею, а таксама на штодзённае паглыбленне жывой і шчырай марыйнай пабожнасці кожнага з вас з сэрца благаслаўляю.
Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 23.05.2019 г.
Версія для друку тут.
Версія на польскай мове тут.