18 мая ў Навагрyдку прайшоў IV Фестываль сям’і, арганізаваны парафіяй Святога Міхала Арханёла. Як і ў мінулыя гады, фестываль сабраў шмат сем’яў рознага веравызнання і стаў для навагрудчан сапраўдным святам.
Перад пачаткам фестывалю ў касцёле св. Міхала Арханёла адбылася святочная Імша ў інтэнцыі сем’яў. Затым у суправаджэнні аркестру і дзіцячага ансамблю “Жавароначкі” прысутныя прайшлі ад плошчы да гарадскога парку, дзе адбывалася асноўная частка фестывалю. Шэсце сем’яў – добрая і яркая фестывальная традыцыя.
На пачатку вялікай святочнай праграмы ўдзельнікаў прывіталі прадстаўнік мясцовай улады і пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла кс. Юрый Жэгарын, які адзначыў, што здаровая хрысціянская сям’я – моцны падмурак нашага грамадства і адзіны шлях, каб збудаваць будучыню для наступных пакаленняў.
Як адзначыў кс. Юрый Жэгарын, яму вельмі прыемна бачыць на фестывалі шмат сем’яў (не толькі каталіцкіх), а таксама прыемна тое, што фестываль ужо выйшаў за межы парафіі. У гэтым годзе актыўны ўдзел у ім прынялі сем’і з парафіі ў Стаўбцах.
У праграме былі сямейныя і дзіцячыя конкурсы, выступленне дзіцячага калектыву “Жавароначкі”, малюнкі на асфальце, турыстычная пляцоўка, спартыўныя эстафеты і многае іншае. Парк быў напоўнены дзіцячым гоманам, смехам і радасцю. Дзеці і дарослыя гулялі, спявалі, малявалі і проста весяліліся ад душы. Усе ўдзельнікі гульняў і конкурсаў атрымалі падарункі і памятныя сувеніры. На працягу мерапрыемства прысутных забаўлялі роставыя лялькі, працавалі атракцыёны.
У межах свята прайшло адразу некалькі конкурсаў. Самым смачным стаў традыцыйны конкурс хатняй выпечкі, удзел у якім прынялі рэкордныя 32 працы.
Свае вакальныя, танцавальныя і іншыя таленты сем’і прадэманстравалі падчас творчага конкурсу. Усе ўдзельнікі падарылі шмат радасных хвілін журы і гледачам.
JМ