Пра тое, што кожны чалавек можа быць сёння маленькай Марыяй: несці свету Хрыста праз любоў і служэнне, пачынаючы ад самых блізкіх – сваёй сям’і, сяброў, знаёмых і шырэй – усім, хто шукае праўды, дапамогі, чулага сэрца, нашых рук, нашага часу, малітвы, – казаў падчас Дыяцэзіяльных дзён моладзі ўдзельнікам гэтага форуму Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.
Іерарх прыбыў спецыяльна 7 мая ў Шчучын, каб у другі дзень сустрэчы ўзначаліць святую Імшу. Mаладыя людзі з вялікай радасцю віталі прадстаўніка Пантыфіка, які запэўніў, што Святы Айцец Францішак заўсёды блізка думкамі і сэрцам з моладдзю.
Адрадзіцца да новага жыцця
Вітаючы на пачатку Імшы шаноўнага госця, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што ўжо традыцыйна ў той час, калі свежасць і адценні зеляніны адлюстроўваюць прыгажосць жыцця, свету, створанага Богам, у нашай Гродзенскай дыяцэзіі на чарговых дыяцэзіяльных днях гродзенскага маладога Касцёла, які перажывае вясну свайго жыцця, збіраецца разам моладзь – наша надзея і будучыня.
Іерарх падкрэсліў: “Безумоўна, гэта прыгожы час супольнай малітвы, слухання Божага слова, набліжэння праўдаў веры, дзялення адзін з адным радасцю быць Хрыстовымі вызнаўцамі, каб яшчэ больш умацоўвацца ў сваім хрысціянскім пакліканні”.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што прысутнасць арцыбіскупа на гэтай важнай у жыцці лакальнага Касцёла падзеі з’яўляецца магчымасцю адчуць духоўную блізкасць Папы Францішка, які так моцна любіць моладзь i так шмат увагі, a таксама пастырскага клопату прысвячае яе фармацыі.
Падчас Эўхарыстыі Апостальскі Нунцый маліўся за ўсіх маладых людзей, каб яны маглі ўзрастаць у асабістых адносінах з Езусам i, як Марыя, мець адкрытыя на струмень Божай ласкі сэрцы, каб Усемагутны мог змяняць іх так, як жадае.
Пачуць Бога ў дзеянні
У гаміліі прадстаўнік Святога Айца звярнуўся да моладзі, якая, па яго словах, прыгожая і поўная агню маладосці, ад імя Папы Францішка, ад імя Касцёла.
“Не бойцеся даверыцца Езусу! Не бойцеся ісці з Ім па дарозе жыцця. Не бойцеся выбраць Яго адзіным Ідэалам, Братам, Сябрам, Узлюбленым! Гэта не толькі самы разумны і мудры выбар – гэта выбар, за які вы ніколі не пашкадуеце”, – сказаў іерарх.
Ён нагадаў пра прыклад служэння Найсвяцейшай Панны Марыі, над якім разважаюць удзельнікі гэтай сустрэчы. “Марыя зрабіла свой выбар, пазнаўшы бясконцую любоў Бога да Яе асабіста і да кожнага чалавека: “Вось Я, слуга Пана,” – Яна выбрала Бога цэнтрам свайго жыцця. І зрабіла гэта не фармальна, не вобразна, не сімвалічна і не на пэўны час. Яна даверылася Богу ўся, аддаўшы Яму цалкам сваё жыццё, свае мары, сваё цела, сваю прыгажосць, свае сілы, здольнасці, сваю любоў і назаўсёды”, – заўважыў арцыбіскуп.
Далей іерарх спытаў моладзь, ці адчувае яна Божую прысутнасць у сваім жыцці, ці чуе Яго голас, і падкрэсліў, што немагчыма пачуць Бога, седзячы на канапе і жывучы ў камфорце. “У бяздзеянні вы будзеце чуць усё магчымае, акрамя Езуса. Бог адкрываецца ў дзеянні, Ён не статычны. Калі ты не рушыў у шлях, каб штосьці зрабіць, каб працаваць для іншых, каб сведчыць, каб чыніцьдабро, то ніколі не пачуеш голас Бога. Калі хочаш пачуць голас Пана, выходзь у дарогу”, – сказаў прадстаўнік Папы.
Шукаць Бога ў дыялогу з іншымі
Aрцыбіскуп падкрэсліў, што Пан размаўляе з тымі, хто шукае. “Але не шукайце Яго ў тэлефоне, Езуса там няма, таму што Ён глядзіць табе ў вочы, у сэрца, не марнуе час на мёртвы гаджэт”, – дадаў іерарх. Нунцый адзначыў, што не трэба шукаць Бога і ў люстэрку, бо там можна знайсці толькі сябе саміх – свае слабасці, грахі, няўдачы і расчараванне.
“Не шукайце Бога ў сваім пакоі, зачыніўшыся ў сваіх думках, успамінаючы мінулае або блукаючы ў невядомай будучыні. Не зачыняйцеся ў сабе, але даверцеся Яму, даверце ўсё Яму, шукайце Яго ў малітве, шукайце Яго ў дыялогу з іншымі, у адносінах з іншымі, шукайце Яго ў служэнні”, – падкрэсліў арцыбіскуп.
Ён заклікаў моладзь выйсці ў шлях і скіравацца да тых, каму патрэбна канкрэтная дапамога, нашы ўсмешкі, здольнасці, час, сведчанне, малітва, каб такім чынам будаваць Касцёл і сваё асяроддзе і рабіць гэта “разам з Езусам паміж вамі і для Езуза, які чакае вас у кожным чалавеку, у кожным патрабуючым вас чалавеку”.
Занесці Бога ў свет
На заканчэнне святой Імшы, перш чым удзяліць апостальскае благаслаўленне, арцыбіскуп Габар Пінтэр падзякаваў моладзі за сведчанне веры i выказаў жаданне, каб яна несла гэты агонь Божай любові далей – за парог святыні: у свае асяроддзі, на вуліцы, у школы і ўніверсітэты, да патрабуючых, адзінокіх, пажылых і малых, да хворых і тых, хто страціў надзею, да тых, хто шукае праўду, шчасце, супакой, сэнс.
“Спяшайцеся, як Марыя, як Езус, рабіць дабро і ўбачыце, як свет вакол вас і вы самі змяняецеся. Убачыце цуды ўваскрасення. Бог хоча ўбачыць сёння Марыю ў кожным з вас. Спяшайцеся любіць, не бойцеся любіць. У вас усё атрымаецца”, – дадаў Апостальскі Нунцый.
Іерарх паабяцаў, што перадасць Папу Францішку тое, што ўбачыў у Шчучыне: радасць веры і любоў, якую маладыя людзі маюць у сэрцах.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Адамовіч, Вольга Сяліцкая