Вечарам у Вялікую суботу, 20 красавіка, у парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Фара) адбылася ўрачыстая літургія Пасхальнай вігіліі. Узначаліў яе дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Літургія пачалася на вуліцы абрадам святла, падчас якога быў благаслаўлёны агонь і ад яго запалены пасхал. Пасля радаснага спеву “Exultet!” (“Радуйцеся!”), які абвясціў аб вызваленні чалавецтва з рабства граху і смерці, пачалася другая частка – літургія слова.
У гаміліі біскуп адзначыў: “Факт уваскрасення нялёгкі для ўяўлення, таму хрысціянская вера ва ўваскрасенне сутыкалася з самага пачатку з неразуменнем. Ні ў адным пункце, як казаў св. Аўгустын, хрысціянская вера не сустракае большага супраціўлення, чым у адносінах да ўваскрасення цела. Аднак жа ўваскрасенне Езуса застаецца фактам. Гэта пераход да новага жыцця, да новага свету, які з моманту з’яўлення Уваскрослага прасякае наш свет, перамяняе яго і прыцягвае да сябе”.
“Гэтая перамена ў чалавеку здзяйсняецца перадусім праз веру і святы хрост, менавіта таму хрост з'яўляецца неад'емнай часткай суботняй Пасхальнай вігіліі, – патлумачыў іерарх. – Мы пакліканы да жыцця ў небе, таму шукаем таго, што ў вышынях, і сумуем па небе. Старажытная практыка Касцёла – падчас Пасхальнай вігіліі ўдзяляць хрост катэхумэнам”.
“Калі вучні на ўласныя вочы ўбачылі Пана, іх агарнула настолькі вялікая радасць, што з гэтага моманту яны сталі бясстрашнымі сведкамі Уваскрасення. Паколькі радасць Божага Валадарства можа нарадзіцца толькі ў цеснай сувязі з адзначэннем смерці і ўваскрасення Пана. Таму, хоць небяспека і цярпенне далей застаюцца на зямлі, яны атрымліваюць новае значэнне – бо мы ведаем, што з’яўляемся такім чынам удзельнікамі адкуплення, якое здзейсніў Пан. З гэтай прычыны хрысціянін, хоць пераносіць цяжкасці, якія звычайна нясе чалавечае жыццё, не павінен імкнуцца ўцячы, ані баяцца, што смерць пакладзе мяжу яго надзеі”, – дадаў біскуп.
Падчас літургіі хросту адбылося благаслаўленне хрысцільнай вады і аднаўленне абяцанняў хросту. Прысутныя вернікі ўзгадалі ў гэты час свой уласны хрост, яшчэ раз выракліся зла і вызналі веру ў Бога.
Kс. Юрый Марціновіч