21 красавіка ранішнюю святую Імшу ва ўрачыстасць Уваскрасення Пана ў касцёле св. Яна Хрысціцеля ў Беняконях (Радунскі дэканат) узначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
На літургіі, якая абвяшчае ўсяму свету найважнейшую праўду хрысціянства – што пасля мукі і смерці, болю і няўпэўненасці ў заўтрашнім дні настала ўваскрасенне, – сабраліся шматлікія парафіяне і госці.
У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што літургія слова ўрачыстасці Уваскрасення Пана ўводзіць у атмасферу таго, што адбылося два тысячагоддзі таму, і вядзе да месца, дзе Хрыстус перамог смерць.
Па словах іерарха, Уваскрасенне Хрыста – факт гістарычны, крыніцай якога з’яўляецца сведчанне самога Хрыста: Ён сам пасля смерці шматразова аб’яўляўся вучням, каб умацаваць іх веру.
“Вера гэтых сведкаў сталася з часам такой моцнай, што ні пераслед, ні пагроза смерці не стрымалі іх ад абвяшчэння свету навукі пра Уваскрасенне. За абвяшчэнне гэтай праўды яны аддавалі ўласнае жыццё”, – дадаў біскуп.
Ён падкрэсліў, што з апостальскіх часоў ўсе пакаленні хрысціян стараліся быць сведкамі Уваскрасення і рэалізоўваць волю Хрыста: “Ідзіце па ўсім свеце і навучайце ўсе народы. Вучыце іх захоўваць усё, што Я вам загадаў. І вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння свету”. Біскуп заахвоціў, каб усе пакаленні веруючых людзей былі сапраўднымі сведкамі ў сваім асяроддзі і ў свеце.
Іерарх адзначыў таксама, што “Уваскрасенне Хрыста – цэнтр нашай веры – з’яўляецца для нас заклікам да новага, перамененага жыцця тут, на зямлі”. Таму ён заклікаў да змены свайго жыцця, якая павінна адбыцца ў гэтае свята, “каб у сем’ях спыніліся сваркі, спрэчкі, нянавісць, зайздрасць, гнеў, пагоня за грашыма, разводы, забойствы, аборты, абыякавасць да чалавечай крыўды”. Ён перасцярог перад ігнараваннем справаў веры, адсутнасцю малітвы, рэдкім прыступаннем да сакрамэнтаў, адсутнасцю ўдзелу ў жыцці Касцёла.
“Будзем жыць паводле навукі Евангелля, ствараючы зямныя каштоўнасці, шукаючы таго, што ў вышынях, усведамляючы перспектыву вечнага жыцця, якая чакае нас”, – дадаў біскуп.
Іерарх пажадаў, каб Уваскрослы Хрыстус заўсёды прысутнічаў у жыцці ўсіх вернікаў беняконскай парафіі – у малітве, у працы, у абавязках, якія прымаюцца для развіцця і саміх, для ўзрастання іх сем’яў, Касцёла і грамадства.
Кс. Юрый Марціновіч