Вялікі пост – найлепшы час, каб задумацца аб сэнсе свайго жыцця, зразумець і прыняць усе выпрабаванні, якія сустракаюцца на нашай жыццёвай дарозе, звярнуцца думкамі да Таго, хто аддаў за нас сваё жыццё – да Хрыста, а таксама да крыжа, які стаў сімвалам нашага збаўлення.
У сучасным свеце людзі ўсё часцей саромеюцца сваёй веры, саромеюцца Бога, саромеюцца крыжа. Вядома, лёгка быць хрысціянінам у святыні ці за зачыненымі дзвярыма свайго дома, а вось даць сведчанне веры ў асяродку працы, на вуліцы ці ў іншым грамадкім месцы можа далёка не кожны.
У гэты Вялікі пост арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, заклікаў увесь Касцёл на Беларусі даць сведчанне павагі да крыжа, які ў сучасным свеце зневажаецца і высмейваецца на кожным кроку, праз набажэнства Крыжовага шляху.
Вядома, кожны ведае пра крыжовую смерць Хрыста, але адно – ведаць, а зусім іншая справа – удзельнічаць у пакутным шляху Езуса на Галготу, на свае вочы ўбачыць, няхай сабе і ў тэатралізаваным выкананні, усе мукі, якія давялося Яму выцерпець за грахі свету, перш чым памерці на крыжы. І хоць з таго моманту прайшло ўжо больш за дзве тысячы гадоў, і сёння кожны з нас забівае ўсё новыя цвікі граху ў цела ўкрыжаванага Хрыста, зневажае Яго крыж.
14 красавіка, у Пальмовую нядзелю, вернікі парафіі Перамянення Пана ўжо па традыцыі прайшлі Крыжовым шляхам вуліцамі Вялікай Бераставіцы, каб даць сведчанне сваёй веры і ў гэтым жалобным набажэнстве папрасіць прабачэння за кожны грэх святатацтва супраць Святога Крыжа, учынены на нашай зямлі ва ўсе часы.
Удзел у набажэнстве прынялі не толькі шматлікія жыхары гарадскога пасёлка, але таксама святары і вернікі суседніх парафій Бераставіцкага дэканату.
Сцэны мукі і смерці Хрыста былі інсцэніраваны на 14 прыпынках, якія далі магчымасць прысутным глыбей зразумець сэнс цярпення Езуса, якое Ён ахвяраваў за нашы грахі.
Узяўшы ў рукі крыжы, вернікі разважалі не толькі над крыжам Хрыста, але і над уласнымі крыжамі, якімі з’яўляюцца штодзённыя праблемы, хваробы, над сэнсам жыцця і смерці, над узаемаадносінамі з іншымі людзьмі.
Дзякуючы прысутнасці святароў, кожны жадаючы падчас Крыжовага шляху мог прыступіць да сакрамэнту пакаяння.
На заканчэнне набажэнства а. Вальдэмар Слота CSsR, дэкан дэканату Вялікая Бераставіца, падзякаваў усім, хто прыняў удзел у Крыжовым шляху, а асабліва тым, хто рыхтаваў яго сцэны.
“Не забывайце, што крыж – гэта знак, які мы атрымалі на святым хросце, і гэты знак будзе стаяць на нашай магіле. Але мы верым, што гэта не будзе канец нашага жыцця. Езус першы ўваскрос, і мы таксама ўваскрэснем для жыцця вечнага, калі ў нашым штодзённым жыцці будзем Яго прызнаваць і шанаваць святы знак збаўлення. Кожны хрысціянін пакліканы быць апосталам Хрыста, які нясе святло веры іншым людзям. Веры, якая не баіцца крыжа, не баіцца здзекаў, асуджэння, супрацьстаіць несправядлівасці і сведчыць пра тое, што адзінае наша выратаванне – у Езусе Хрысце і Яго бязмежнай любові”, – адзначыў а. Вальдэмар Слота.
Ірына Міклаш