30 сакавіка ў гродзенскім пабрыгіцкім касцёле адбылося моладзевае чуванне ў межах перажывання Вялікага посту.
Малітоўнае спатканне распачалося св. Імшой, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх засяродзіў увагу на тэме адпушчэння правін бліжняму і шчырасці перад Усявышнім.
"Перад Богам мы часта саромеемся стаць такія, якія ёсць насамрэч, без прытворства. Аднак няма ў нас таго, аб чым не ведаў бы Бог. Таму мы не павінны баяцца Яго - Ён любіць нас з усімі заганамі і заўсёды чакае. Нябесны Айцец можа ўсё перамяніць, учыніць нанова. Дастаткова толькі стаць перад Ім у праўдзе, адкрыць сэрца, аддаць не чужыя грахі, але свае", - падкрэсліў іерарх.
Біскуп папрасіў моладзь старацца быць прыкладам для другіх людзей у сваім асяроддзі, несці Яго свет і любоў у сем'і, месцы вучобы і працы.
“Галоўнае, каб вы абралі дарогу, якая вядзе да мэты, да Пана, - заклікаў іерарх хлопцаў і дзяўчат. - Гэты шлях прывядзе вас да сапраўднага шчасця".
Пасля заканчэння Эўхарыстыі парафіяльныя суполкі моладзі паказалі відэаролікі і сцэнкі на тэму граху - пра найчасцей сустракаемыя слабасці і шляхі пазбаўлення ад іх.
У гэты вечар сабраныя памаліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, імкнуўшыся стаць перад Панам у сапраўдным абліччы.
На выхадных у святыні таксама праходзіла душпастырская ініцыятыва “Ноч канфесіяналаў”. Хлопцы і дзяўчаты мелі магчымасць на працягу многіх гадзін скарыстаць з сакрамэнту пакаяння і паяднання. Як зазначыў біскуп Юзаф, споведзь дапамагае не быць сканцэнтраваным выключна на сабе і цаніць таго, хто побач.
Ганна Таўрэль