Skip to main content

Сустрэча катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі: мець шырокую ментальнасць рыбака

kaledz 3223 сакавіка ў Гродне адбылася велікапосная сустрэча катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі – святароў, сясцёр законных і свецкіх асобаў – пад назвай “Катэхеза ў кантэксце новай евангелізацыі”.

На сустрэчы прысутнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзііі Юзаф Станеўскі. На яе прыбылі катэхеты з розных парафій, а таксама навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

У межах сустрэчы ўдзельнікі выслухалі два даклады, якія абапіраліся на ўласны досвед і перажыванне веры. Івона Зялёнка і Іяланта Заторска, уключаныя ў розныя евангелізацыйныя справы ў Польшчы, якія праводзілі сустрэчу, неаднаразова падкрэслівалі, што няма новай евангелізацыі без новых евангелізатараў і няма новых евангелізатараў без абвяшчэння Керыгмы.

Адзначалася, што Езус сёння хоча дзейнічаць такім жа самым чынам, як тады, калі пачынаў сваю публічную дзейнасць, і як тады, калі пасылаў сваіх вучняў абвяшчаць Евангелле ўсяму стварэнню.

Паспяховасць евангелізацыі, як было заўважана на сустрэчы, залежыць у першую чаргу ад ступені з’яднання евангелізатара з Богам, ці ад асабістай святасці. Як падкрэслівалася, асоба, з’яднаная з воляй Айца і падначаленая кіраўніцтву Духа Святога, рэалізуе Божы план збаўлення адносна ўсіх Яго дзяцей у Касцёле, на яго ўскраінах і па-за ім.

kaledz 29

Вядучыя, якія ўжо амаль 30 гадоў займаюцца евангелізацыяй, даючы сваё асабістае сведчанне і перадаючы веды, адзначалі, што трэба найперш змяніць сваё сэрца, свой спосаб мыслення, а толькі потым прыходзяць метад і тэхніка.

Заўважалася, што праўду пра Бога трэба перадаваць актуальным чынам, каб паспяховасць збаўлення стала відавочнай. Замест таго, каб казаць пра Бога вечнага, трэба прадстаўляць Бога, які сёння любіць, сёння аздараўляе і сёння вызваляе. Трэба казаць, што чалавек у дадзены момант мае патрэбу ў збаўленні і ў гэты ж самы момант можа яго атрымаць, калі сёння паверыць і навернецца.

А дар Духа Святога прызначаны для нашых часоў, і Ён кліча жыць Евангеллем у хрысціянскай супольнасці.

Катэхеты Гродзенскай дыяцэзіі былі заахвочаны так, як святы Пётр, плысці на новыя воды і рызыкнуць, шукаць нястомна новых шляхоў прыходу да розных пакаленняў, мець “шырокую ментальнасць рыбака”, які пастаянна думае, дзе можа сёння закінуць сеткі, каб “іншых прывесці ў Касцёл і зрабіць з іх рыбакоў”.

Сустрэча завяршылася святой Імшой у касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі).

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Томаш Мікалайчык, семінарыст