Skip to main content

Велікапосныя рэкалекцыі для навучэнцаў Тэалагічнага каледжа: палюбіць Слова

kursy r 7522-24 сакавіка ў Гродне адбыліся велікапосныя рэкалекцыі для навучэнцаў Тэалагічнага каледжа св. Казіміра. Сёлета ім было прапанавана перажыць біблійны курс “Эмаўс”, які стаў сапраўднай сустрэчай з Божым Словам.

У рэкалекцыях прынялі ўдзел больш за 70 чалавек. Іх праводзіла доктар тэалогіі ў галіне біблеістыкі Івона Зялёнка, дырэктар Аддзела па справах новай евангелізацыі Плоцкай дыяцэзіяльнай курыі (Польшча) і заснавальніца Школы новай евангелізацыі Плоцкай дыяцэзіі імя св. евангеліста Лукі, якая прыбыла са сваёй камандай.

Яны дапамагалі ўдзельнікам палюбіць Божае Слова і тлумачылі, чым яно з’яўляецца для кожнага чалавека. Для навучэнцаў гэта была магчымасць сустрэцца з Езусам Уваскрослым, які хоча сваёй любоўю і супакоем нанова распаліць чалавечыя сэрцы, пазбаўленыя ахвоты і расчараваныя. Гэта быў час, калі можна было паглыбіць адносіны з Езусам-Словам, які звяртаецца да чалавека са старонак Бібліі.

Удзельнікі рэкалекцый быццам прайшлі шляхам вучняў Езуса – ад расчаравання і смутку да адкрыцця Бога ў цяжкіх падзеях. Арганізатары перакананы, што пасля гэтага курсу яны сталі сведкамі Уваскрослага Пана і распалілі ў сабе любоў да чытання Бібліі.

Таксама для іх гэта быў час распазнання Езуса як Месіі, прыйсце якога прадказана Старым Запаветам. Курс даў магчымасць кожнаму ўдзельніку распазнаць Хрыста так, як Ён даў распазнаць сябе вучням у Эмаўсе – падчас Літургіі Слова і Літургіі Эўхарыстыі, каб стаць сведкамі Бога жывога.

Падчас гэтых трох дзён навучэнцы мелі магчымасць пераканацца, што Божае Слова – не сухая літара, а Асоба, Езус Хрыстус, якога можна пазнаць і якога можна палюбіць.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Алена Харольская