4 сакавіка парафіяльнае свята ў гoнар святога Казіміра прайшло ва Уселюбе (Навагрудскі дэканат). Падчас свята адбылося ўрачыстае размяшчэнне ў святыні фігуры Маці Божай, якое здзейсніў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, і распачацце Яе культу пад тытулам Маці Божай Новага Жыцця.
На ўрачыстай адпустовай Імшы ў прыгожай святыні, адноўленай дзякуючы старанням сённяшняга пробашча, вернікаў і шматлікіх дабрадзеяў, сабраліся парафіяне і госці – свецкія і духоўныя. Усе яны прыбылі па запрашэнні пробашча кс. Віталія Цыбульскага.
Вітаючы прысутных, святар адзначыў, што для невялікай парафіяльнай супольнасці, якую ўтвараюць вернікі ва Уселюбе, гэты дзень гістарычны з прычыны таго, што ў святыні змешчана новая фігура Маці Божай.
“Гэта гістарычная падзея не толькі для парафіі, але і для ўсёй Беларусі. Праз пасрэдніцтва Марыі мы можам тут, ва ўселюбскай святыні, выпрошваць дар бацькоўства і аднаўлення нашага хрысціянскага жыцця”, – сказаў кс. Цыбульскі.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч у гаміліі адзначыў, што ўрачыстасць св. Казіміра, які ўшаноўваецца як апякун Польшчы і Літвы, а таксама Гродзенскай дыяцэзіі, прыпадае на парозе Вялікага посту. I гэты дзень – нагода, каб прыгледзецца да постаці гэтага вялікага святога, так добра вядомага і блізкага, і вучыцца ў яго веры, любові да Бога і бліжняга, руплівасці ў жыцці паводле Хрыстовага Евангелля.
“Прыклад святога Казіміра вучыць нас, што не варта пакладаць давер у рэчах гэтага свету, у матэрыяльных дабротах, ва ўладзе і пасадах, якія займаем. Тое, да чаго чалавек часам так моцна прывязваецца, чаго жадае і аб чым марыць, з’яўляецца марнасцю ў параўнанні з духоўнымі каштоўнасцямі”, – сказаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што святы Казімір вучыць таксама любові да малітвы і адрачэння, міласэрнасці і велікадушнасці, бескарыслівай любові да бліжняга і адкрытасці на патрэбы іншага чалавека. “Эгаіст не будзе сапраўды шчаслівы, бо больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць”, – заўважыў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што прыклад святога Казіміра паказвае таксама, як важна выхоўваць маладое пакаленне жыць верай, якое важнае месца займае ў працэсе выхавання прыклад бацькоў.
“Mоладзь можа вучыцца ў святога Казіміра любові да малітвы, будаванню ўласнай будучыні на трывалых маральных каштоўнасцях, супраціўленню спакусам гэтага свету і трываламу імкненню да святасці”, – адзначыў іерарх.
Па словах біскупа, кожнаму чалавеку святы Казімір нагадвае сваім жыццём, што існуе незлічоная колькасць шляхоў, якія вядуць да святасці, і што кожны запрошаны да такога шляху.
На заканчэнне літургіі вернікі ўшанавалі рэліквіі свайго апекуна. Таксама яны выказалі ўдзячнасць біскупу за тое, што ён узначаліў гэтыя ўрачыстасці.
Акрамя таго, мясцовыя парафіяне і дэлегацыя навагрудскай парафіі Св. Міхала Арханёла падзякавалі пробашчу кс. Віталію Цыбульскаму за адкрытае сэрца, за яго руплівасць і вялікі клопат пра Божы дом і ўсіх людзей.
Касцёл ва Уселюбе — адна з найстаражытнейшых каталіцкіх святыняў у Беларусі, пабудаваная ў першай палове XV ст. Гэтая прыгожая святыня – сведчанне культу святога каралевіча. Калі ў XVII стагоддзі будынак ранейшага касцёла перайшоў ад кальвіністаў да католікаў і быў грунтоўна перабудаваны, яго асвяцілі ў гонар святога Казіміра.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Мікола Новікаў