23 лютага ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія) адзначылі 25-годдзе часопіса “Дыялог”. Часопіс быў заснаваны ў 1994 годзе, a яго заснавальнікам быў сённяшні біскуп Элцкі (Польшча) Ежы Мазур SVD.
У юбілейных урачыстасцях прыняло ўдзел шмат шаноўных гасцей з Беларусі і з-за мяжы. Сярод іх былі прадстаўнікі рэдакцыі газеты Гродзенскай дыяцэзіі “Слова Жыцця” і рэдакцыі афіцыйнага інтэрнэт-партала Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by.
У межах святкавання адбылася святая Імша падзякі за 25 гадоў існавання “Дыялога”, які дасягае таксама вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі. Імшу ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, у ёй удзельнічалі біскуп Ежы Мазур, дапаможныя біскупы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і Аляксандр Яшэўскі SDB.
У гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка ўзгадаў пра пачаткі часопіса, дзякуючы якому “адбывалася сустрэча людзей, якія шукалі ў друкаваным слове не інфармацыі пра матэрыяльныя праблемы, а духоўнай адновы ў лучнасці з Богам”.
“„Дыялог“ паспяхова скарачае дыстанцыю паміж людзьмі і дапамагае ў наладжванні кантактаў. Калі б пасланне апосталаў адбывалася ў нашыя часы, то цалкам верагодна, што яны б называліся карэспандэнтамі каталіцкіх выданняў”, – дадаў іерарх.
Біскуп падкрэсліў, што друкаванае слова чынна служыць новай евангелізацыі і “таму трэба знаходзіць адпаведны спосаб прамоваў, напісання артыкулаў, інтэрв’ю, сведчанняў, якія б дапаўнялі навучанне ў парафіях у межах катэхезы”.
Пасля Імшы пачалася юбілейная праграма, падчас якой з дакладам між іншым выступіў біскуп Ежы Мазур, які стаяў ля вытокаў часопіса. Ён пазнаёміў сабраных з мэтай паўстання гэтага часопіса, які з самага пачатку выдае супольнасць вербістаў у Беларусі.
Прадстаўнікі каталіцкіх медыя нашай краіны скіравалі ў адрас рэдакцыі “Дыялога” віншаванні. Былі зачытаны таксама віншаванні ад біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.
“Богу няхай будзе падзяка за чвэрць стагоддзя існавання такога каштоўнага і патрэбнага ў нашай медыяпрасторы сродку евангелізацыі, якім з’яўляецца “Дыялог””, – адзначалася ў віншаваннях пастыра Гродзенскай дыяцэзіі.
Біскуп Кашкевіч падкрэсліў, што дзякуючы ахвярнай працы рэдакцыйнай калегіі і ўсіх супрацоўнікаў “Дыялог” штомесяц нясе сваім чытачам верагодную і аб’ектыўную інфармацыю з жыцця Касцёла і свету, раскрывае найбольш актуальныя праблемы сучаснасці, фармуе сэрцы і розум чытачоў у духу Евангелля, паслядоўна абвяшчае хрысціянскія каштоўнасці, незаменныя ў жыцці як асобных людзей, так і ўсяго грамадства.
“Як сведчыць ужо сама назва часопіса, ён з’яўляецца месцам абмену думкамі і меркаваннямі паміж чытачамі, дае магчымасць выказацца па пытаннях, якія іх турбуюць, падзяліцца з шырокім колам адрасатаў уласным досведам веры, асабістымі перажываннямі і роздумамі”, – гучала ў слове біскупа Гродзенскага.
За чвэрць стагоддзя было выдадзена 274 нумара часопіса. Сёння яго галоўная аўдыторыя – людзі сярэдняга і старэйшага ўзросту, наклад – 4 тыс. асобнікаў. У склад рэдакцыі ўваходзяць адказны за часопіс брат Корнэль Консэк SVD, галоўны рэдактар Юрый Серафімовіч, журналіст Раіса Сушко, шматлікія аўтары і валанцёры.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: брат Корнэль Консэк SVD, Вольга Сяліцкая