Плануецца, што Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі адбудуцца сёлета ў Шчучыне. Моладзь дыяцэзіі прыме парафія Св. Тэрэзы Авільскай. Сустрэча запланавана на 6-8 мая.
Дыяцэзіяльны форум моладзі адбудзецца пад дэвізам “Вось я, слуга Панская, няхай мне станецца паводле твайго слова”. Праз гэта сустрэча стане своеасаблівым працягам 34-х Сусветных дзён моладзі, якія прайшлі ў студзені ў Панаме.
Як адзначыў кс. канонік Антоні Грэмза, душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, зараз вядзецца падрыхтоўка і вырашэнне арганізацыйных момантаў, каб сёлетняя сустрэча адбылася менавіта ў Шчучыне. Айцы піяры і вернікі шчучынскай парафіі гатовыя прыняць удзельнікаў.
На Дыяцэзіяльныя дні моладзі запрашаюцца вучні школ, навучэнцы прафесійных i студэнты вышэйшых навучальных устаноў, a таксама працуючая моладзь.
Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі бяруць пачатак у 1993 годзе, калі біскуп Аляксандр Кашкевіч па прыкладу Святога Айца Яна Паўла ІІ вырашыў прысвяціць асаблівую ўвагу выхаванню маладых вернікаў.
Першы з’езд моладзі прайшоў у маі 1993 г., і з таго часу штогод каталіцкая моладзь з усёй дыяцэзіі збіраецца на сумесную сустрэчу і малітву.
Kс. Юрый Марціновіч