31 студзеня - дзень нараджэння для Неба св. Яна Боско, айца і настаўніка моладзі. Метавіта ў гэты дзень Салезіянская сям’я Смаргоні – айцы салезіяне, сёстры салезіянкі, салезіяне супрацоўнікі, члены Асацыяцыі Марыі Успамогі, аніматары – сабраліся на супольную малітву, каб падзякаваць Богу за свайго заснавальніка і паразважаць над апошнімі днямі жыцця святога.
Малітва распачалася з урачыстых Нешпараў і выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту. Таксама падчас малітвы быў момант прыняцця кандыдата ў аніматары. Затым усім прысутным было прапанавана “пражыць” апошнія дні жыцця св. Яна Боско, паразважаць над яго апошнімі дзеяннямі і словамі.
Ксёндз Боско памёр на світанні 31 студзеня 1888 года. Салезіянам, якія сабраліся каля яго смяротнага ложа, у апошнія хвіліны жыцця ён прашаптаў: “Любіце адзін аднаго па-братэрску. Усім чыніце дабро, і нікому не рабіце зла... Скажыце маім хлапчукам, што я ўсіх іх чакаю ў Раі”.
Паводле sdb.by