20 студзеня ў Іўі адбыўся XVI фестываль калядных песень “Gloria in Excelsis Deo”. Фестываль, які праходзіў у гарадскім доме культуры, сабраў больш за 300 удзельнікаў з розных парафій Іўеўскага дэканату.
На фестываль прыбылі госці з Беларусі і замежжа, якія цалкам напоўнілі мясцовы дом культуры.
У розных катэгорыях выступілі салісты, дуэты, трыо, квартэты і ансамблі. Ганаровымі гасцямі свята акрамя парафіянаў горада i іншых парафій дэканату сталі між іншым Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, прадстаўнікі мясцовай улады ў асобе старшыні Іўеўскага райвыканкама Аляксандра Булака і прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу ў асобе Генеральнага консула Рэспублікі Польшча ў Гродне Яраслава Ксенжыка.
Як адзначае арганізатар фестывалю кс. Ян Гавецкі, гэтае мерапрыемства ўжо даўно ўпісалася ў каляндар традыцыйных падзей ва ўсім дэканаце, як і ў самім Іўі. “Дзеці і моладзь з вялікай нецярплівасцю чакаюць гэтага фестывалю. Яны чакаюць таксама ўзнагароды, аднак найважнейшае ва ўсім гэтым – іх удзел, тое, што яны могуць быць разам, будаваць супольнасць”, – дадае святар.
Mузыка як дождж
Звяртаючыся да ўдзельнікаў фестывалю, Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр адзначыў, што музыка – гэта дар ад Бога, за які варта дзякаваць.
“Музыка крыху падобная да дажджу. Дождж маленькімі кроплямі напаўняе глебу і поіць усё жывое, і мы бачым прыгажосць прыроды, якую стварыў Бог. Музыка таксама, як кроплі дажджу, пранікае ў сэрца і ажыўляе яго. І чалавек пачынае адчуваць прыгажосць, створаную Богам”, – сказаў арцыбіскуп.
Іерарх пажадаў, каб кроплі прыгожай музыкі, якая распавядае пра нараджэнне нашага Збаўцы, напаўнялі сэрцы ўсіх людзей Богам і збліжалі паміж сабой. “Няхай духоўныя плёны сённяшняга дня ўзрастаюць і развіваюцца далей дзеля адзінства сярод нас і на хвалу Бога”, – пажадаў ён.
Старшыня Іўеўскага райвыканкама Аляксандр Булак адзначыў, што ў Іўі мясцовыя ўлады заўсёды імкнуцца захаваць адзінства сярод усіх канфесій, а таксама захаваць традыцыі. “Мы заўсёды адкрытыя на прапановы канфесій, якія знаходзяцца на нашай зямлі. Мы заўсёды за тое, каб захаваць усе традыцыі, якія склаліся тут”, – дадаў ён.
Сапраўднае духоўнае свята
Біскуп Аляксандр Кашкевіч звярнуў увагу, што гэты ўжо традыцыйны фестываль з’яўляецца вялікім гонарам Касцёла на Гродзеншчыне. “Менавіта тут мы можам захапляцца сапраўднымі талентамі нашых дзяцей і моладзі, якія праз свой спеў евангелізуюць свае сем’і, парафіі, горад і ўсё асяроддзе”, – адзначыў іерарх. Ён выказаў падзяку ўсім арганізатарам і ахвярадаўцам, дзякуючы якім кожны ўдзельнік гэтага мерапрыемства вяртаецца дадому з падарункам.
Самі ўдзельнікі фестывалю прызнаюцца, што для іх гэта сапраўднае духоўнае свята, дзе яны могуць знаёміцца, адкрываць свае “закапаныя” таленты, а найперш супольна славіць Бога. Гэтае свята музкі з’яўляецца таксама нагадваннем пра нараджэнне Езуса Хрыста, Збаўцы свету. “Вельмі душэўнае і добрае мерапрыемства, якое дае людзям магчымасць узгадаць пра нараджэнне Езуса Хрыста не адзін раз”, – дадае Ірына Оева з парафіі ў Лаздунах.
Некаторыя прыбываюць на гэты фестываль кожны год, але выступіць на сцэне адважваюцца толькі праз нейкі час. Падобна было і з Антонам Дубовічам з парафіі ў Іўі, які ўпершыню ў гэтым годзе разам з іншымі міністрантамі сваёй парафіі рашыўся на гэты крок.
“Мне гэты фестываль запомніцца надоўга, бо ў мяне ў дзяцінстве была мара выступіць на сцэне, і вось яна ажыццявілася. Дзякую ўсім, хто рыхтаваў нас да гэтага выступлення, а таксама хачу падзякаваць сваім сябрам, з якімі мы цудоўна выступілі. Дзякуй усім за падтрымку”, – кажа Антон.
Прафесійны ўзровень расце
Прысутныя, а таксама самі ўдзельнікі фестывалю адзначаюць, што з кожным годам яго планка падымаецца ўсё вышэй. Сям’я Мусік з парафіі ў Лаздунах, якая ўжо адважна выходзіць на сцэну, адзначае: “Мы з упэўненасцю можам сказаць, што прафесійны ўзровень расце з вялікім тэмпам. Мы да гэтага часу пад уражаннем”.
Свята калядак і пастаралак пакінула мноства добрых успамінаў і цудоўных хвілін, якія надоўга застануцца ў памяці. Некаторыя кажуць, што гэтай энергіі і радасці хопіць ім да чарговага фестывалю, што яны будуць спадарожнічаць ім увесь год.
“Ад свята засталося шмат уражанняў. Нават не хацелася вяртацца дадому. Думаю, што ў наступным годзе яшчэ больш удзельнікаў будзе на гэтым цудоўным конкурсе”, – адзначае Дар’я Русакевіч з парафіі ў Суботніках.
Усе ўдзельнікі вельмі ўдзячныя кс. Яну Гавецкаму, які вельмі клапоціцца аб тым, каб фестываль з кожным годам набіраў новыя абароты. Яму важна, каб найперш у сэрцах удзельнікаў нарадзілася жаданне чыніць дабро і ісці шляхам, які вызначыў Хрыстус Пан, чыё прыйсце ў свет яны славяць у сваіх песнях.
Дзеці і моладзь таксама ўдзячныя с. Ірыне Бучынскай, якая кожны год уносіць велізарны ўклад у падрыхтоўку свята, пішучы сцэнарыі, праводзячы рэпетыцыі і сочачы, каб усё было зроблена як найлепш.
Усе спадзяюцца, што ў наступным годзе, па словах Антаніны Яркавец з парафіі ў Іўі, “самы яркі, самы грандыёзны, самы незабыўны фестываль нашага горада” пройдзе ў чарговы раз.
Вынікі фестывалю:
I катэгорыя: салісты
1 узроставая група (6-9 гадоў):
1 месца - Марус Ашмантас, парафія ў Трабах
2 месца - Соф'я Галавенка, парафія ў Іўі
3 месца - Маргарыта Побаль, парафія ў Іўі
2 узроставая група (10-13 гадоў):
1 месца - Анастасія Гуранкова, парафія ў Іўі
2 месца - Соф'я Урублеўская, парафія ў Іўі
3 месца - Уладзіслаў Завадскі, парафія ў Трабах
3 узроставая група (14-16 гадоў):
1 месца - Паліна Пірог, парафія ў Юрацішках
2 месца - Маргарыта Захар, парафія ў Іўі
3 месца - Сняжана Бутурля, парафія ў Іўі
4 узроставая група (21-25 гадоў):
1 месца - Ганна Сонец, парафія ў Іўі
2 месца - Дзіяна Дударэвіч, парафія ў Юрацішках
3 месца - Вікторыя Кель, парафія ў Суботніках
II катэгорыя: дуэты, трыо, квартэты
1 узроставая група (6-9 гадоў):
1 месца - Патрыцыя і Дамініка Мусік, парафія ў Лаздунах
2 месца - Марыя і Михаіл Жэбрык, парафія ў Іўі
2 узроставая група (10-13 гадоў):
1 месца - Раман Буднік і Кі рыл Багдзевіч, парафія ў Іўі
2 месца - Вікторыя Ціткова і Вікторыя Рынкевіч, парафія ў Геранёнах
3 месца - Ксенія Івуць, Вольга Масейка, Наталля Бутурля, парафія ў Лаздунах
3 узроставая група (14-20 гадоў):
1 месца - Аліна Пякша, Надзея Лукашэвіч, Паліна Лазарэвіч, парафія ў Ліпнішках
2 месца - Алена Райская, Ангеліна Сільвановіч, Палина Гардзей, Дзіяна Дабраловіч, парафія ў Трабах
3 месца - Ігнат Пішчык, Антон Дубовіч, Раман Ярмош, Уладзіслаў Белагур, парафія ў Іўі
III катэгорыя: ансамблі і хоры
1 месца - ансамбль “Mała Jutrzenka”, парафія ў Іўі
- вакальная група “Бэтлеемскія зорачкі”, парафія ў Юрацішках
2 месца - ансамбль “Авэ Марыя”, парафія ў Трабах
3 месца - ансамбль “Надзея”, парафія ў Іўі
Гран-пры фестывалю атрымаў ансамбль “Oremus” з парафіі ў Іўі.
Раман Ярмош, кс. Юрый Марціновіч
Фота: Баляслаў Гавецкі