14 студзеня ў Шчучыне айцы піяры правялі аплаткавую сустрэчу са сваімі бацькамі.
Сустрэча распачалася ў хатняй капліцы айцоў Вяночкам Дванаццаці Зорак, малітваю, якая была складзена самім заснавальнікам Ордэну Піяраў – св. Юзафам Каласансам. Адной з інтэнцый малітвы была просьба аб жыцці вечным для тых бацькоў, якія ўжо адышлі з гэтага свету.
Найбольш важным момантам сустрэчы стала ўзаемнае дзяленне аплаткай сыноў-святароў са сваімі бацькамі. Айцец Вітольд Пяцельчыц SP – рэктар Ордэна Пабожных Школ у Беларусі – ад імя ўсіх піяраў падзякаваў бацькам за прысутнасць і малітоўную падтрымку, а таксама пажадаў бадзёрасці і здароўя яшчэ на доўгія гады.
Пасля святочнага абеду і невялікай рэкрэацыі адбылося супольнае спяванне калядных песень, якімі і скончылася ўжо другая аплаткавая сустрэча сыноў-піяраў і іх бацькоў у Беларусі.
А. Віталій Слука SP