6 студзеня, ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, у доме культуры ў Сапоцкіне была прадстаўлена калядная батлейка. Яе падрыхтавалі дзеці і моладзь мясцовай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча.
Прадстаўленне, прафесійна падрыхтаванае юнымі выканаўцамі, прапаноўвала шматлікім сабраным гледачам паразважаць і адказаць на пытанне: ці маем мы час для Бога-Любові?
Падкрэслівалася, што на зямлю прыходзіць Бог-Любоў, а шатан робіць усё, каб перашкодзіць сустрэчы чалавека з Езусам. Дзеці і моладзь паказалі, якіх спосабаў шукае шатан для гэтага. “Для Бога важная толькі любоў, але для яе трэба мець час. Забярэм у людзей час”, – так шатан знішчае любоў.
Маладыя артысты звярнулі ўвагу ўсіх прысутных, што ўсё, што яны робяць, каб яно мела вартасць, павінна рабіцца заўсёды з любові. Каб убачыць Бога ў Немаўляці, якое ляжыць у стаенцы, трэба бачыць сэрцам. Толькі погляд, поўны любові, дапаможа нам убачыць тое, што “нябачнае для вачэй”.
Вернікі атрымалі з гэтай батлейкі канкрэтнае пасланне: Бог-Любоў нараджаецца на зямлі, толькі любячым сэрцам мы можам Яго прыняць.
У гэтым душпастырскім годзе ў Беларусі, які прысвечаны сям’і, маладыя акцёры заклікалі ўсе сучасныя сем’і быць напоўненымі духам Божай любові, прабачэння і прыняцця. Падкрэслівалася, што Бог, які прыходзіць на зямлю ў асобе безабароннага Дзіцяці, не адрокся ад сям’і, а палюбіў чалавечую сям’ю. Ён выбраў сям’ю самую простую і ўбогую, а ў ёй асвяціў чалавечую любоў.
На заканчэнне да сабраных звярнуўся пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі. Святар падзякаваў дзецям і моладзі за прыгожае прадстаўленне, падрыхтаванае пад чуйным вокам законных сясцёр. Ён падкрэсліў, што вечар, праведзены ў доме культуры, стаў добрай евангелізацыяй усіх вернікаў, якія знайшлі час пабываць на гэтай батлейцы, а для саміх яе ўдзельнікаў стаў нагодай спазнаць відавочным чынам Божае дзеянне.
Kс. Юрый Марціновіч