У навагодні вечар 1 студзеня ў Мадрыдзе (Іспанія) завяршылася 41-я Еўрапейская сустрэча моладзі, арганізаваная экуменічнай супольнасцю з французскага Тэзэ. Сярод больш чым 17 тыс. яе ўдзельнікаў з 65 краін было каля 100 чалавек з Гродзенскай дыяцэзіі, якіх суправаджалі кс. канонік Антоні Грэмза і кс. Ян Раманоўскі.
Моладзь рапачынала кожны дзень супольнай малітвай у вызначаных парафіях, а потым кіравалася на сустрэчы ў групах, якія ўключалі людзей з усяго свету. Было таксама крыху часу на экскурсіі. Вечарам усе збіраліся на малітвах Тэзэ.
Галоўнай тэмай сёлетняй сустрэчы была гасціннасць. У апошніх словах да ўдзельнікаў прыёр супольнасці Тэзэ брат Алоіс заклікаў быць адкрытымі на іншага чалавека.
Ён прадставіў таксама тры прынцыпы, якія служаць будаванню міру: дзейнасць на карысць знішчэння межаў паміж багатымі і беднымі, падтрымка ініцыятыў на карысць прыняцця мігрантаў і бежанцаў, супрацьстаянне неразумнай эксплуатацыі натуральных рэсурсаў і знішчэнню прыроды.
Таццяна Радзевіч: “Лепш пазнала саму сябе”
Гэта мая другая еўрапейская сустрэча Taize. У гэтым годзе я доўга сумнявалася наконт таго, ехаць на яе ці не. Але, нягледзячы на розныя перашкоды, усё ж такі рызыкнула і ні на момант аб гэтым не пашкадавала. Першае, што мяне ўразіла, – гэта сама Іспанія. Прыехаць сустракаць Новы год у краіну, дзе ярка свеціць сонейка, заўсёды блакітнае неба, а навокал стаяць пальмы, – гэта неверагодна. Другое, што мяне натхняе ў гэтых сустрэчах, – што збіраюцца людзі з абсалютна розных краінаў, з рознай культурай, рэлігіяй, і ўсе яны аб'ядноўваюцца ў адной малітве. У момант супольнай малітвы найбольш адчуваецца адзінства народаў. У гэтым годзе я паспрабавала сябе ў хоры, і гэта была добрая практыка. Адна справа быць толькі ўдзельнікам, зусім іншая – служыць. Я адчувала больш адказнасці, бо ведала, што ў гэты час неабходна быць на рэпетыцыі, а ўвечары патрэбна застацца трошачкі даўжэй. Мне вельмі падабаецца спяваць, і ў нейкі момант я ўзгадала атмасферу “Музычнай майстэрні” ў Івянцы, якую я вельмі люблю. Яшчэ мяне ўразіла гасціннасць і эмацыйнасць іспанскага народу. Вельмі шмат чаго можна казаць пра сустрэчу Taize ўвогуле і канкрэтна пра гэту сустрэчу ў Іспаніі. Але, робячы выснову, я хацела б сказаць, што Еўрапейская сустрэча Taize – гэта добры час для малітвы, пазнання не толькі іншых людзей, краін, народаў, рэлігій, але і самога сябе”.
Віктар Прэсняцкі: “Змог убачыць радасць у самых малых рэчах”
“Еўрапейскія сустрэчы Taize – гэта заўсёды нешта захапляючае. Гэта тое, чаго ты чакаеш цэлы год. Новы горад, новыя знаёмствы, новыя эмоцыі і ўражанні. Дарагога каштуе, калі не знаёмыя табе людзі абсалютна адкрытыя да цябе, могуць дапамагчы ў любую хвіліну, раскрыць табе свае перажыванні і сваё сэрца. Асаблів агэта адчуваецца на абмеркаваннях у малых групах пасля ранішняй малітвы. Сустрэча Taize дазваляе ўмацаваць сваю веру, вучыць глыбокай малітве і дапамагае бачыць радасць нават у самых малых рэчах”.
Яна Чайко: “Сустрэла новых сяброў”
“У Еўрапейскай сустрэчы моладзі я бяру ўдзел ужо ў трэці раз. Тэмай для разважанняў сёлета была гасціннасць, і, на маю думку, яна вельмі адпавядала месцу сустрэчы – жыхары Мадрыда адкрылі для нас не толькі свае дамы, але і сэрцы. Яны па-бацькоўску клапаціліся пра нас, знаёмілі са сваёй культурай і запрашалі як мага хутчэй вярнуцца да іх. Акрамя глыбокіх разважанняў брата Алоіса і ранішніх абмеркаванняў прапановаў на новы год, сустрэча дала мне магчымасць пазнаёміцца з новай для мяне культурай, сустрэцца з кардыналам Карласам Осоро, а таксама падаравала мне цудоўных людзей, дзякуючы якім я змагла ў паўнаце перажыць час сустрэчы”.
Aляксандр Арлоўскі: “У чарговы раз быў валанцёрам”
“З сустрэчамі моладзі, якія арганізоўвае супольнасць з Тэзэ, я пазнаёміўся 10 гадоў таму. Сёлетняя сустрэча стала для мяне сёмай. І колькі б разоў я ні быў, кожны становіцца для мяне асаблівым. Падобныя сустрэчы з’яўляюцца для мяне своеасаблівай школай, у якой я магу пазнаваць свет і таго, хто яго стварыў.
Малітвы ў духу Тэзэ, канферэнцыі, разважанні, сустрэчы ў групах з году ў год даюць мне магчымасць пашырыць свой кругагляд, адкрыць сябе на больш моцнае ўздзеянне Бога. На такіх сустрэчах Яго заўсёды можна пачуць у сэрцы, калі молішся ў цішыні, падчас разважання над Божым словам, падчас малітваў, у зносінах з братамі і сёстрамі з іншых краін.
Вельмі важным падчас сустрэч з’яўляецца ахвяраванне свайго часу і сіл у якасці валанцёра. Ужо чацвёрты год запар я спяваю на сустрэчах у хоры. Песні на малітоўных сустрэчах не з’яўляюцца складанымі, але, нягледзячы на гэта, спяваць усё ж такі цяжка. У памяшканні, у якім мы спявалі, было вельмі сухое паветра, таму часта даводзілася піць (вада была халаднаватай), таму на апошняй малітве горла жудасна балела. Але такі спосаб служэння даў мне шмат сіл.
Акрамя гэтага, удзел у хоры падчас сустрэчы даў мне магчымасць пазнаёміцца з многімі новымі людзьмі з Польшчы, Францыі, Расіі, Германіі, Філіпін, Лівана, Партугаліі, Іспаніі і іншых краін. А гутарка з імі дала мне магчымасць паглядзець на жыццё з іх перспектывы. Спадзяюся, што ў мяне атрымаецца паехаць на сустрэчу праз год у Вроцлаў”.
Аліна Гардзей: “Упершыню адкрыла Taize”
“Я толькі ў гэтым годзе даведалася пра такую сустрэчу і ўпершыню на яе паехала. Пачуццё страху, якое ўзнікла падчас размеркавання нас па сем’ях з-за няведання мовы і знаходжання ў чужой краіне, змянілася на поўны давер Богу. Бо, калі мы давяраем Яму, Пан усё для нас уладкоўвае найлепшым чынам. Менавіта пра давер разважалася падчас адной з вячэрніх малітваў. Нашы страхі, комплексы перашкаджаюць нам мець зносіны адзін з адным.
Але, калі мы давяраем Богу, тады мы вучымся давяраць іншым людзям, адкрывацца на кожнага. Сустрэча Тэзэ – гэта штосьці цалкам новае ў маім жыцці. Сумесная малітва, у якой удзельнічае некалькі тысяч чалавек з розных краін, дух Тэзэ – гэта нешта незвычайнае. Гэтыя сустрэчы прыносяць новыя знаёмствы і зносіны, збліжаюць нас, умацоўваюць наш дух, абагачаюць нас. Любоў да Бога – гэта тое, што аб’ядноўвае ўсіх нас”.
Мiхал Жаліс: “Хачу вярнуцца ў Мадрыд яшчэ раз”
“Для мяне паездка на Taize была ўпершыню. Мы прыехалі ў Мадрыд, нас сустрэлі валанцёры і расказалі план нашай пілігрымкі, чым мы будзем займацца. Пасля нас размеркавалі па парафіях.
Калі прыбылі ў парафію, нас размеркавалі па розных групах і сем’ях. Я і яшчэ два хлопцы (Жэня і Алег) трапілі ў вельмі добрую, сяброўскую, вясёлую і вялікую сям’ю. бацьку звалі Хасэ Антоніо, яго жонку Ауксі, у іх чацвёра дзяцей: Пабло, Антоніо, Марыя, Сант’яго.
Кожную раніцу ў парафіі ў нас была агульная малітва. Потым мы збіраліся групамі, каб абмеркаваць фрагмент з Бібліі, які чыталі падчас малітвы, а таксама распавядалі, адкуль хто прыехаў, хто чым займаецца, у які раз ён ужо на такіх сустрэчах. У групе была моладзь з Польшчы, Беларусі, Славеніі, Італіі.
Сустрэча Taize прыходзіла пад назвай “Не будзем забываць пра гасціннасць”, пра што на працягу чатырох дзён нам распавядаў брат Алоіс. На Taize я пазнаёміўся з многімі добрымі людзьмі, і хочацца паехаць туды яшчэ раз”.
***
Чарговая Еўрапейская сустрэча моладзі Taize адбудзецца ў Польшчы – яе месцам выбраны Вроцлаў – з 28 снежня па 1 студзеня 2020 г.
Kс. Юрый Марціновіч