20 снежня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшла аплаткавая сустрэча святароў і сясцёр законных, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
У сустрэчы ўдзельнічалі таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Сустрэча пачалася малітвай Літургіі гадзін, затым адбылася канферэнцыя, з якой выступіў кс. Ян Сарэла, духоўны айцец семінарыі ў Гродне, а пасля адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Біскуп Кашкевіч перад дзяленнем аплаткай звярнуўся да ўсіх прысутных святароў і сясцёр законных. Ён заахвоціў духоўных асобаў, якія служаць у дыяцэзіі, з яшчэ большым запалам дбаць аб фармаванні чалавечых душ, якія Касцёл даручыў іх штодзённаму клопату.
Святарам іерарх падзякаваў найперш за працу яднання людзей з Богам і абвяшчэнне Божага слова. Сёстрам законным ён выказаў падзяку за даванне аўтэнтычнага сведчання прыналежнасці да Хрыста, а таксама за навучанне дзяцей і моладзі.
Гэта быў другі тур аплаткавай сустрэчы. Першы адбыўся 19 снежня ў лідскай парафіі Святой Сям'і.
Кс. Юрый Марціновіч