10 снежня ў будынку дыяцэзіяльнай курыі адбылося пасяджэнне галоўнай камісіі і старшыняў камісій І Сіноду Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэчу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У ёй прыняў удзел таксама дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
Пасяджэнне пачалося малітвай у інтэнцыі дыяцэзіяльнага Сіноду аб духоўным плёне яго працы.
Генеральны сакратар Сіноду кс. канонік Антоні Грэмза прадставіў ход працы Сіноду і тое, што ўдалося здзейсніць на працягу года з моманту яго распачацця. Святар падкрэсліў, што ўсе разам – духоўныя і свецкія асобы – шукаюць новых спосабаў евангелізацыі, якая з’яўляецца шляхам да аднаўлення рэлігійнага і маральнага жыцця Касцёла на Гродзеншчыне.
Кожны са старшыняў сінадальных камісій, якіх у цэлым 16 з дзвюма падкамісіямі, прадставіў ход працы сваёй камісіі. Яны нагадалі пра актуальныя заданні, якімі займаюцца іх камісіі, а таксама пытанні і цяжкасці, якія ўзніклі. Кожны старшыня паасобку пазнаёміў сабраных з прапановамі, якія былі зроблены і якія могуць паспрыяць аднаўленню рэлігійнага жыцця ў дыяцэзіі.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім святарам за іх дзейснае ўключэнне ў працу сінадальных камісій і за ўсе ўнесеныя прапановы. Ён заклікаў, каб з тым жа запалам і руплівасцю кожная камісія працягвала сваю працу.
Сустрэча завяршылася святой Імшой у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, якую ўзначаліў пастыр дыяцэзіі. Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся аб плённых працах Сіноду, каб гэтая справа, пачатак якой быў пакладзены год таму, сапраўды паспрыяла ўзрастанню веры ў людзях і дала адказ на новыя праблемы, якія з’яўляюцца ў сучасным свеце і сучасным Касцёле.
У гаміліі кс. Грэмза, генеральны сакратар Сіноду, адзначыў, што “разам з Сінодам дыяцэзіяльны Касцёл вучыцца крочыць разам як Божы люд, які дазваляе, каб ім кіравала Божае Слова, каб збудаваць Касцёл прыгожы і сяброўскі, здольны паказваць людзям нашых часоў любоў Бога са сведчаннем еднасці, здольны абвяшчаць Евангелле верагодным і пераконваючым чынам”.
I Сінод Гродзенскай дыяцэзіі пачаўся 16 лістапада 2017 г. пад дэвізам “Жыць Евангеллем”. Працы галоўнай камісіі і сакратарыяту Сіноду адбываюцца паводле інструкцыі Кангрэгацыі па справах Біскупаў De synodis dioecesanis agendis і правіл першага Сіноду Гродзенскай дыяцэзіі.
Праца сінадальных камісій праходзіць пад кіраўніцтвам і пры каардынацыі генеральнага сакратарыяту і галоўнай камісіі Сіноду.
Kс. Юрый Марціновіч