6 снежня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу ў Нацыянальным санктуарыі св. Юзафа ў Калішы (Польшча) у межах штомесячных малітваў у інтэнцыі сем’яў і абароны жыцця ненароджаных дзяцей.
Разам з беларускім іерархам маліліся біскуп Калішскі Эдвард Яняк, дапаможны біскуп Калішскай дыяцэзіі Лукаш Бузун, біскуп на пенсіі Тэафіл Вільскі, некалькі дзясяткаў святароў, вернікі Калішскай дыяцэзіі і пілігрымы з усёй Польшчы.
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч, разважаючы над Евангеллем, звярнуў увагу, што як дом, узведзены на скале, супрацьстаіць усялякім прыродным катаклізмам, так і чалавек, які сваё жыццё засноўвае на фундаменце веры, застаецца трывалым, нягледзячы на атакі злога.
Іерарх падкрэсліў, што калі ў жыцці чалавека або супольнасці будзе адсутнічаць моцны фундамент нязменных маральных і этычных прынцыпаў, заснаваных на пашане да Божага закону, то адкрыецца найпрасцейшы і найкарацейшы шлях да зруйнавання.
Біскуп адзначыў, што цывілізацыя шмат кажа аб правах чалавека і яго неад’емнай годнасці, але адначасова дазваляе, каб пазбаўляліся фундаментальнага права на жыццё найслабейшыя, нявінныя і безабаронныя члены грамадства – ненароджаныя дзеці.
Іерарх заклікаў вернікаў вучыцца ў св. Юзафа веры, пакоры, паслухмянасці Божай волі, бескарысліваму служэнню людзям, а таксама адказнасці і клопату аб сям’і. “Сваім прыкладам жыцця святы Юзаф звяртаецца да нас сёння з адлегласці двух тысячагоддзяў, а яго пасланне любові, самапрысвячэння і ахвярнага служэння працягвае гучаць, застаецца па-ранейшаму актуальным і не перастае натхняць”, – дадаў ён.
Біскуп узгадаў таксама сясцёр назарэтанак – навагрудскіх мучаніц. “Ахвярнае служэнне сем’ям і гераічная смерць благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка – адзін з незлічоных прыкладаў сапраўднай любові, клопату і павагі, якімі Касцёл заўсёды атачае інстытут сям’і”, – заўважыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
На заканчэнне Імшы біскупы, святары і вернікі, сабраныя ў калішскай базыліцы, даручылі св. Юзафу сем’і і ненароджаных дзяцей.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Ева Катоўска-Расяк