30 лістапада – 1 снежня вернікі парафіі Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Іўі здзейснілі аўтобусную пілігрымку ў Літву. Група з 39 чалавек на чале са сваім пробашчам кс. Янам Гавецкім наведала шмат святых месцаў.
Пілігрымаванне вернікі пачалі малітвай у капліцы цудадзейнага абраза Маці Божай Міласэрнасці ў Вострай Браме. Найсвяцейшай Панне Марыі яны даручылі свае сем’і, парафію і Касцёл на Гродзеншчыне.
У межах пілігрымкі яны наведалі Гару Крыжоў у Шаўляі, дзе знаходзяцца тысячы крыжоў і якая з’яўляецца месцам культу і сімвалам вернага трывання літвінаў і жмудзінаў у каталіцкай веры.
Таксама яны пабывалі ў санктуарыі ў Шылуве – найбольш вядомым і найчасцей наведваным месцы марыйнага культу ў Літве. Раней гэтае месца называлася Жмудскай Чэнстаховай, а зараз – Жмудскім Люрдам.
Пілігрымы пабывалі і ў многіх іншых гістарычных і святых месцах.
Kс. Юрый Марціновіч