
Разам з ім Імшу канцэлебравалі ўсе вікарыі катэдральнай парафіі і святары-выкладчыкі духоўнай семінарыі. На пачатку Эўхарыстыі пастыр дыяцэзіі запрасіў усіх вернікаў да супольнага разважання вялікіх спраў Бога. Ксёндз біскуп прасіў сваю паству, каб як мага набожней перажываць вялікія збаўчыя справы Езуса.
Падчас гаміліі, з якой да сабраных звярнуўся кс. Павел Салабуда, кожны з вернікаў мог яшчэ раз разам з казнадзеем задумацца над вялікім дарам, дадзеным нам Богам – дарам Эўхарыстыі. Кс. Павел адзначыў, што “Эўхарыстыя робіць нас адной сям’ёй. Як сям’я Гродзенскай дыяцэзіі мы збіраемся разам, таму што вельмі моцна кахаем Эўхарыстыю. Пра гэта гаворыць нам таксама гісторыя гэтай прыгожай катэдры, у якой заўсёды было чуваць голас Хрыста: “Гэта рабіце на мой успамін”. Казнадзей падкрэсліў таксама важнасць рэгулярнага і актыўнага ўдзелу ў св. Імшы, таму што “кожная святая Імша моцна звязана з крыжам і нельга казаць, што яна нудная або павінна быць вясёлай ці медыяльнай. Той, хто разумее, што гэта ахвяра Езуса, ніколі не будзе нудзіцца ў святыні і не будзе марудзіць”. Кс. Павел заахвоціў усіх вернікаў знайсці сваё духоўнае месца каля алтара Хрыста і адчуць сябе шчаслівымі каля крыжа нашага Збаўцы.
Пасля св. камуніі на ўспамін мукі і пакут Хрыста Найсвяцейшы Сакрамант быў перанесены ў цямніцу. Сёлета яна зроблена ў бакавым алтары Маці Божай Кангрэгацкай.
Згодна з прыгожай традыцыяй, пасля заканчэння малітваў Вялікага чацвярга ўсе святары на чале з кс. біскупам селі ў канфесіяналы, каб паспавядаць усіх жадаючых вернікаў, якія было яшчэ шмат. Святары катэдральнай парафіі будуць спавядаць усю пятніцу і суботу, з ранку да вечара, каб паспавядацца маглі ўсе жадаючыя.