19 лістапада ў сваёй роднай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Фара) у Лідзе цэлебраваў прыміцыйную святую Імшу кс. Эрнэст Мікалайчык.
З парафіяльнага дома ў працэсіі яго прывялі ў святыню родныя, святары, семінарысты і вернікі. Прыміцыянт быў прыняты ў парафіі з вялікай радасцю і ўзрушанасцю. У гэты момант узгадваюцца словы: святар – з люду ўзяты, для люду пастаўлены… Хрыстус пажадаў, каб менавіта праз святароў вернікам удзялялася Божая ласка.
У парафіяльным касцёле, дзе ён часта бываў, калі быў хлопцам, затым як семінарыст і як дыякан, новапрэзбітэр цэлебраваў у гэты дзень Найсвяцейшую Ахвяру. На ахвяравальнай патэне ён склаў усіх тых, хто падтрымліваў яго сваімі малітвамі і ахвярамі на шляху да Хрыстовага алтара. Такім чынам ён хацеў выказаць удзячнасць сваім блізкім – за выхаванне, святарам – за прыклад прыгожага служэння Богу і людзям, усім сябрам – за прысутнасць, а парафіянам – за нястомную малітву.
Гамілію прамовіў кс. Андрэй Агель SP, пробашч лідскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Ён правёў аналогію паміж святарскім жыццём і Вялікім тыднем. Яно, па яго словах, пачынаецца з радасці – Пальмовай нядзелі, і будзе мець у сабе такія моманты. Але хапае ў ім і цярпення – Вялікай пятніцы.
Ксёндз Агель дадаў, што ў святарскім жыцці найважнейшым з'яўляецца любоў да Бога і людзей. Бог не спытае потым статыстыкі цэлебраваных Імшаў, хростаў, шлюбаў, але будзе судзіць з любові.
Напрыканцы Эўхарыстыі новапрэзбітэра павіншавалі розныя групы вернікаў. Таксама віншаванні склаў рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Віталій Вайцяхоўскі, які сказаў у прамове пра існаванне двух месцаў, дзе кс. Эрнэст можа ў любы час умацавацца духоўна, – гэта парафіяльная святыня і капліца духоўнай семінарыі, якую сардэчна запрасіў адведваць.
Апошнім прамовіў пробашч парафіі кс. канонік Уладзімір Гуляй, надаўшы прыміцыянту тытул “юбілейнага 10-га святара”, які паходзіць з гэтай парафіі. Перад удзяленнем благаслаўлення кс. Эрнэст выказаў шчырыя словы падзякі.
Няхай Божае благаслаўленне спадарожнічае кс. Эрнэсту ў яго душпастырскай працы. Каб запал у абвяшчэнні Евангелля, так рашуча выражаны ў дзень пасвячэння, пастаянна ўзрастаў і скіроўваўся да паўнаты.
Kс. Юрый Марціновіч