Skip to main content

Рэкалекцыі перад пасвячэннямі праходзяць у Сапоцкіне

rek dk311 лістапада ў Доме міласэрнасці ў Сапоцкіне пачаліся рэкалекцыі перад прэзбітэрскім і дыяканскім пасвячэннямі. У іх удзельнічаюць двое дыяканаў – Эрнэст Мікалайчык і Раман Вайцяховіч, якія прымуць прэзбітэрскае пасвячэнне, і семінарыст Віталій Валюк, які атрымае пасвячэнне дыяканату.

Духоўныя практыкаванні праводзіць кс. Ян Сарэла, духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, які рыхтуе дыяканаў і семінарыста да гэтай вялікай падзеі ў іх жыцці.

Падчас рэкалекцый, якія працягнуцца да 16 лістапада, будучыя прэзбітэры і дыякан разважаюць аб сваім пакліканні, а таксама ў цішыні і засяроджанасці рыхтуюцца да служэння на ніве Пана.

Традыцыйна іх наведаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які паразмаўляў з кожным асабіста і ўдзяліў пастырскае благаслаўленне.

rek dk7

Пасвячэнні ўдзеліць 17 лістапада біскуп Аляксандр Кашкевіч у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне. Пачатак святой Імшы ў 12.00.

У Каталіцкім Касцёле існуе трывалая традыцыя, згодна з якой кандыдаты да прыняцця пасвячэння да аднаго з трох узроўняў святарства (дыяканату, прэзбітэрату або біскупства) непасрэдна перад пасвячэннем павінны ўдзельнічаць у спецыяльных духоўных практыкаваннях.

Аточым сваімі малітвамі дыякана Рамана, дыякана Эрнэста і семінарыста Віталія, каб яны маглі як мага лепш падрыхтавацца да служэння ў Касцёле, a з прыняццем пасвячэнняў служыць з вялікім запалам людзям і Богу.

Кс. Юрый Марціновіч