12 лістапада ў парафіі ў Сапоцкіне адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Язафата Кунцэвіча. У літургічны ўспамін свайго апекуна вернікі сабраліся ў парафіяльнай святыні, каб праз яго заступніцтва прадставіць Пану Богу ўсе свае патрэбы душы і цела.
Сабраных прывітаў пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі. Урачыстую адпустовую Імшу ўзначаліў кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі. У гаміліі ён прапанаваў вернікам зірнуць на жыццё св. Язафата, які паказвае сучасным людзям належны кірунак да сапраўднага шчасця – такога, якое дае чалавеку радасць, мір, бяспеку, а найперш жыццё.
“Мы пакліканы па прыкладзе св. Язафата паглыбляць веру ў сэрцах іншых людзей, перш за ўсё тых, каго Божы Провід ставіць кожны дзень побач з намі”, – сказаў святар.
Як адзначыў кс. Юрый Марціновіч, у гэтага святога трэба штодзённа вучыцца даваць яснае сведчанне, бо “ён пабуджае паглыбляць веру ў сэрцах нашых братоў, паказвае, як мы павінны любіць і сеяць згоду”.
“Няхай нашы сэрцы не сапсуе нянавісць, жаданне помсты і адплаты. Няхай не будзе ў іх месца на гнеў, крыўду і жаль. Няхай ніколі не пераможа нас зло. А любоў Хрыста, якая кліча нас, няхай толькі злучае, а ніколі не дзеліць”, – дадаў святар.
Падчас Эўхарыстыі асаблівым чынам маліліся аб згодзе і еднасці паміж усімі вызнаўцамі Хрыста і аб тым, каб любоў і мір запанавалі ў кожнай супольнасці і сям’і.
Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні. Затым вернікі мелі магчымасць ушанаваць рэліквіі св. Язафата.
JM