28 кастрычніка ў касцёле святых Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах (Іўеўскі дэканат) адбылася ўрачыстасць у гонар заступнікаў парафіі. На Эўхарыстыі сабралося духавенства дэканату і шматлікія парафіяне.
Святую Імшу цэлебраваў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх узгадаў заступнікаў парафіі, якіх Хрыстус абраў сваімі вучнямі і задачай якіх было несці свету мір, любоў і заклік да навяртання.
Біскуп адзначыў, што сёння такім абраным з’яўляецца кожны чалавек, які адкрываецца на Божую праўду і жадае рэалізоўваць волю Бога ў сваім штодзённым жыцці. Іерарх заахвоціў прысутных вернікаў, каб гэтае іх абранне служыла не ўзвышэнню, а будаванню сапраўднай супольнасці з Панам.
На заканчэнне пробашч парафіі кс. Андрэй Бурак падзякаваў усім за ўдзел у адпустовай урачыстасці і выказаў надзею, што святыя апекуны парафіяльнай супольнасці і далей будуць чуваць над вернікамі. Свята завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла.
Кс. Юрый Марціновіч