Skip to main content

Духоўная сустрэча святароў Гродзенскай дыяцэзіі: усведамляць, што Бог багаты міласэрнасцю

dzen zasiarodzannia sw3222 кастрычніка, у літургічны ўспамін св. Яна Паўла ІІ, у будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася духоўная сустрэча святароў, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.

На сустрэчы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, сабралося каля 100 святароў. Прысутнічаў таксама дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Імкнуцца да вернага спаўнення Божай волі

У межах сустрэчы святары выслухалі канферэнцыю “Пасійнае вымярэнне жыцця і служэння св. Юзафа Каласанса”, з якой выступіў а. Віталій Сярко SchP. Святар, які належыць да Ордэна Духоўных Рэгулярных Убогіх Маці Божай Пабожных Школаў (айцы піяры), пазнаёміў удзельнікаў сустрэчы з жыццём заснавальніка сваёй супольнасці, які, спазнаючы цярпенні ў свам жыцці, яднаўся з Хрыстовай мукай і заклікаў іншых рабіць падобным чынам.

“Юзаф Каласанс пакінуў нам прыклад рашучага абапірання на Крыж Езуса Хрыста. Ён знаходзіўся ў самым цэнтры цяжкіх падзей яго жыцця, якія для многіх сучасных яму людзей былі толькі дарэмным, бессэнсоўным трываннем”, – дадаў а. Сярко.

dzen zasiarodzannia sw11

Па словах піяра, гэты святы “пераконвае кожнага з нас, што мы пакліканы наследаваць Езуса Хрыста, асабліва Укрыжаванага”, і “што шлях, якім мы павінны ісці, хочучы наследаваць Каласанса, і які мы можам назваць крыжовым шляхам, прапануе нам сам Бог”.

Айцец Віталій Сярко звярнуў увагу, што задача кожнага чалавека – пастаяннае імкненне верна спаўняць Божую волю, каб дасягнуць збаўлення. “Хоць гэты шлях, які мае пасійны характар, цяжкі для выканання, але гэта праўдзівы шлях, які можа зрабіць нас шчаслівымі не на зямлі, а ў вечнасці”, – падсумаваў ён.

Вянцом сустрэчы стала святая Імша ў капліцы семінарыі, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. На пачатку Эўхарыстыі іерарх адзначыў, што гэтая сустрэча праходзіць у асаблівы час, калі Паўсюдны Касцёл успамінае ў літургіі Вялікага Папу св. Яна Паўла ІІ, які заклаў фундамент Касцёла на Гродзеншчыне.

dzen zasiarodzannia sw26

Адорваць міласэрнасцю іншых

Біскуп узгадаў словы Святога Айца, які ў дзень пачатку свайго пантыфікату заклікаў святароў “не баяцца адчыніць дзверы сваіх сэрцаў на дзеянне Божага Духа, ведучы іншых да святасці”, “сваім жыццём і паводзінамі, як і навучаннем, ісці гэтым шляхам святарскага жыцця і быць здольнымі спазнаць сапраўдную радасць”.

З гаміліяй да прысутных звярнуўся кс. канонік Уладзімір Гуляй, біскупскі вікарый Лідскага рэгіёна. Святар разважаў над тым, што значыць быць багатым перад Богам. Па яго словах, гэта значыць “усведамляць, што Ён багаты міласэрнасцю”, якой “так шмат, што Бог хоча, каб мы самі адкрываліся на гэтую міласэрнасць і адорвалі ёю тых, хто жыве побач з намі”.

Святар адзначыў, што трэба “спустошваць гэтыя нябесныя скарбніцы Божай міласэрнасці, без страху, што гэтая міласэрнасць скончыцца”, і “чэрпаць гэтую міласэрнасць жменямі таксама для сябе”. “Каб калісьці гэтай міласэрнасцю, або хутчэй прабываннем з Міласэрным, мы маглі цешыцца ўжо назаўсёды”, – дадаў біскупскі вікарый.

dzen zasiarodzannia sw25

Як дадаў кс. Уладзімір Гуляй, Бог збавіў чалавецтва сваёй ласкай, каб усе рабілі добрыя ўчынкі, учынкі міласэрнасці. “Няхай жа не будзе недахопу ў гэтых учынках у нашым жыцці. Няхай гэтае Божае багацце будзе бачным у нашым жыцці – у нашых словах, думках і паводзінах”, – сказаў ён.

Сустрэча завяршылася супольным пасілкам у семінарыйным рэфекторыі, а затым святары азнаёміліся з паведамленнямі Гродзенскай курыі.

Kс. Юрый Марціновіч

Фота: Аляксандра Шчыглінская