Skip to main content

На "Міждыяцэзіяльных курсах сямейнага жыцця" ў Гродне распачаўся новы навучальны год

mialeszka 120 кастрычніка ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка) прайшло адкрыццё новага навучальнага года на «Міждыяцэзіяльных курсах сямейнага жыцця».

З гэтай нагоды ў парафіяльным касцёле адбылася ўрачыстая святая Імша. У гаміліі сакратар Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі а. Пётр Фраштэнга OCD засяродзіў увагу на тэме «Што значыць вызнаваць Езуса Хрыста?».

Пасля Імшы навучэнцы курсаў праслухалі інаўгурацыйны даклад а. Пятра Фраштэнгі на тэму «Вучэнне Касцёла адносна працы і святкавання нядзелі ў сям’і».

Выступоўца ўзгадаў, што на гэту тэму кажуць дакументы Каталіцкага Касцёла, каб паказаць сэнс хрысціянскага святкавання і патлумачыць, як гэта выглядае ў жыцці. Святар адзначыў: «Касцёл заўжды клапаціўся і надалей клапоціцца пра чалавека. Як святкаванне, так і праца даюць магчымасць існаваць хрысціянскім сем’ям у грамадстве». Святар нагадаў і вучэнне св. Яна Паўла II, якi ў сваiх дакументах таксама звяртаў вялікую ўвагу на гэтую справу.

mialeszka 2

Кажучы: «Не бойцеся ахвяраваць свой час для Хрыста», Ян Павел ІІ заклікае, «каб супакой і радасць Уваскрослага Пана праяўлялася ў звычайных здарэннях жыцця». На практыцы гэты заклік рэалізуецца праз малітву, чытанне Святога Пісання і духоўнай літаратуры, сумесны адпачынак у сям’і, — усё тое, што ўмацоўвае нас у веры, надзеі і любові, адзначыў а. Пётр Фраштэнга.

Святар дадаў, што «святкаванне нядзелі, якую называюць “Пасхай тыдня”, з’яўляецца не проста ўспамінам факта ўваскрасення Езуса, але і “святкаваннем жывой прысутнасці Уваскрослага сярод вернікаў”» (Dies Domini, 31).

«Эўхарыстыя – сэрца нядзелі», — падкрэсліў дакладчык. Па яго словах, «кожная супольнасць, якая збірае сваіх членаў на “ламанні хлеба”, усведамляе, што яна з’яўляецца месцам, дзе выразна выяўляецца таямніца Касцёла».

Пасля дакладу адбылася дыскусія на тэмы, закранутыя ў ім. Былі зададзены наступныя пытанні:

mialeszka 9

Прынята, што ў нядзелю нельга шыць, вязаць. Для некаторых, напрыклад, вязанне — гэта адпачынак. Ці можна займацца такога роду адпачынкам у нядзелю ці ўсё ж такі гэта грэх?

Тут варта звярнуць увагу не столькі на само дзеянне, колькі на яго мэту, ад якой і будзе залежаць наяўнасць граху. Напрыклад, вязаць для продажу — грэх.

Ці можна хадзіць на рынак і ў басейн у нядзелю?

Па словах дакладчыка, «шопінг, наведванне разнастайных месцаў не з’яўляецца працай, але варта памятаць пра тое, што, наведваючы такія месцы, мы карыстаемся з працы іншых людзей — таксама хрысціян. І праблема тут у тым, што гэтыя хрысціяне працуюць толькі таму, што іх браты і сёстры найчасцей наведваюць гэтыя месцы (рынкі, кафэ і г.д.) менавіта ў нядзелю, а, як вядома, сфера абслугоўвання жыве на падставе прынцыпу: попыт нараджае прапанову. Таму наведванне вышэй узгаданых месцаў з’яўляецца саўдзелам у граху і схіленнем да яго».

Ці можна прасаваць? Ці можна карыстацца пральнай машынай у нядзелю?

Дакладчык адзначыў, што гэтыя пытанні адносяць нас да звычыйнай разважлівасці, калі мы загадзя плануем свае дзеянні. Таму такая праца, якую можам зрабіць у іншы час, але пакідаем на нядзелю, будзе грахом — занядбаннем.

Па словах святара, «хутчэй гэта залежыць ад таго, як тое ці іншае дзеянне ўплывае на нашыя адносіны з Богам». Ён падкрэсліў, што належыць устрымлівацца ад тых прац і заняткаў, якія перашкаджаюць адпраўленню культу Бога і належнаму духоўнаму і цялеснаму адпачынку. Варта памятаць, што кожная сітуацыя індывідуальна.

Даведка:

«Міждыяцэзіяльныя курсы сямейнага жыцця» ў Гродне былі заснаваны дэкрэтам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў 2009 г. Непасрэдную адказнасць за іх нясе Рада па справах сям’і пры ККББ.

Iрына Мялешка