13 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы адбылася дыяцэзіяльная сустрэча Апостальства дапамогі чыстцовым душам.
На сустрэчы сабраліся вернікі з розных парафій дыяцэзіі, якія кожны дзень падтрымліваюць сваёй малітвай душы, што знаходзяцца ў чыстцы. Сустрэча была арганізавана кс. Міхалам Ластоўскім, дыяцэзіяльным мадэратарaм Апостальства дапамогі чыстцовым душам і кусташам санктуарыя ў Капцёўцы.
У межах сустрэчы вернікі прынялі ўдзел у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, Крыжовым шляху, слухалі канферэнцыі і ўдзельнічалі ў святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Падчас сустрэчы шматразова падкрэслівалася, што малітва за душы памерлых – мост, на якім можам сустрэцца на шляху да Бога. Таму так важная малітва за іх, бо яны могуць прынесці вельмі шмат духоўнага дабра праз удзячнасць тым, хто ўспамінае іх на зямлі і моліцца за іх.
Адзначалася таксама, што душы ў чыстцы ачышчаюцца праз цярпенне. Самі для сябе яны ўжо нічога не моуць зрабіць. Таму гэтыя душы – нібы жабракі, якія просяць тых, хто на зямлі, аб “міласціне дабра”.
Святы Айцец Піо быў перакананы, што душы, за якія хтосьці моліцца на зямлі, нязмерна аддзячваюць ім, заступаючыся за іх перад Панам. “Мы павінны маліцца за душы ў чыстцы. Неверагодна, што яны могуць зрабіць для нашага духоўнага дабра, з удзячнасці тым на зямлі, хто памятае пра малітву за іх”, - казаў ён.
Kульмінацыяй сустрэчы была Імша, падчас якой маліліся за ўсіх, хто належыць да Апостальства ў Гродзенскай дыяцэзіі, і за душы ў чыстцы. Біскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што найбольшы дар, які можам ахвяраваць для душ, што церпяць у чыстцы, - Эўхарыстыя, удзел у ёй і прыняцце святой Камуніі ў іх інтэнцыі.
Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі адзначыў, што мы дапамагаем ім таксама праз розны малітвы за іх, праз адпусты, міласціну, цярпенні, змярцвенні, пост.
Іерарх падзякаваў кс. Міхалу Ластоўскаму за арганізацыю сустрэчы і клопат, якім ён атачае Апостальства ў дыяцэзіі, і пажадаў, каб з кожным днём было ўсё больш “сяброў душ чыстцовых у Касцёле на Гродзеншчыне”.
Даведка:
Aпостальства дапамогі чыстцовым душам было заснавана па просьбе свецкіх асобаў, зацікаўленых у дапамозе памерлым, у 1983 г. Задача членаў Апостальства – жыццё ва ўсведамленні паклікання да святасці і дапамога памерлым, якім патрэбна ачышчэнне.
Члены Апостальства штодзень прамаўляюць любую малітву за памерлых, ахвяруюць у іх інтэнцыі працу, якая вынікае з абавязкаў іх жыццёвага стану, і спазнаныя прыкрасці, цярпенні і інш. Па меры магчымасці яны замаўляюць святую Імшу за памерлых або прынамсі стараюцца ахвяраваць за іх свой удзел у Эўхарыстыі і святую Камунію.
У інтэнцыі памерлых, якім патрэбна ачышчэнне, яны могуць таксама ахвяраваць добрыя ўчынкі, міласціну, адпусты, учынкі пакаяння, напрыклад, пост.
Зараз у Гродзенскай дыяцэзіі да Апостальства належаць больш за 5 тыс. чалавек, якія штодзённа ахвяруюць за душы, якія ў чыстцы, Імшу, Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, адпусты, міласціну, добрыя ўчынкі і свае цярпенні.
Кс. Юрый Марціновіч