Skip to main content

Біскуп Кашкевіч узначаліў адпустовую ўрачыстасць Маці Божай Ружанцовай у Песках

vizit piaski216 кастрычніка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў адпустовую ўрачыстасць у парафіі Маці Божай Ружанцовай у Песках.

Іерарх прыбыў у парафію, каб у гэты асаблівы для яе вернікаў дзень нагадаць пра патрэбу ружанцовай малітвы, да якой заахвочвае ўсіх людзей сама Марыя.

На Эўхарыстыі сабраліся шматлікія парафіяне, а таксама святары Мастоўскага дэканату.

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі, падкрэсліў важнасць ружанцовай малітвы ў жыцці кожнага чалавека. Святар адзначыў, што гэтая малітва павінна стаць зброяй кожнага.

“Безумоўна, гэтая малітва на ружанцы дапаможа нам перамагчы зло і абвяшчаць Божае Валадарства, багацце якога – мір і любоў”, – дадаў кс. Марціновіч.

Пасля эўхарыстычнай працэсіі вакол святыні біскуп Кашкевіч, нагадваючы, што ў гэты дзень адбываецца таксама кананічная візітацыя парафіі, падзякаваў вернікам за іх вялікую любоў і прывязанасць да Касцёла. Іерарх заклікаў, каб ружанцовая малітва стала штодзённай практыкай у кожным доме і сям’і.

vizit piaski8

Біскуп заахвоціў вернікаў менавіта ў гэтай малітве чэрпаць патрэбныя сілы для штодзённага пераадолення ўсялякіх жыццёвых цяжкасцяў і шукаць унутранага міру, які дае Найсвяцейшая Панна Марыя.

Пробашч парафіі кс. Томаш Станзецкі падзякаваў біскупу за дар супольнай малітвы і выказаў вялікае пажаданне, каб гэтая сустрэча прынесла благаслаўлёныя плёны ў жыцці ўсіх парафіян.

JM