Skip to main content

Вернікі Гродзенскай дыяцэзіі прымуць удзел у сустрэчы з Папам Францішкам у Літве

popeШматлікая група вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі 22-23 верасня накіруецца ў Літву на сустрэчу з Папам Францішкам. Апостальскае падарожжа Святога Айца ў краіны Балтыкі пачнецца з Вільні, куды ён прыбудзе 22 верасня.

У Вільні Пантыфік сустрэнецца з уладамі горада і моладдзю, будзе маліцца ў Вострай Браме і ў былой турме КДБ. 23 верасня ён будзе цэлебраваць святую Імшу ў Каўнасе.

Плануецца, што ў сустрэчы Папы з моладдзю ў Вільні 22 верасня прымуць удзел дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і група маладых людзей з розных месцаў Гродзенскай дыяцэзіі колькасцю 140 чалавек. 

pope fr

У Імшы ў Каўнасе 23 верасня, якую ўзначаліць Папа, прымуць удзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, біскуп Юзаф Станеўскі і навучэнцы гродзенскай семінарыі. Будзе прысутнічаць таксама група вернікаў колькасцю 650 чалавек, між іншым з Гродна, Ліды, Ваўкавыска, Шчучына, Воранава, Мастоў, Іўя, Сапоцкіна.

Пасля Імшы духавенства Гродзенскай дыяцэзіі сустрэнецца са Святым Айцом у мясцовай катэдры.

Апостальскае падарожжа ў Літву будзе праходзіць пад дэвізам “Езус Хрыстус – наша надзея”. Папская пілігрымка адбудзецца з нагоды 100-годдзя незалежнасці Літвы і ў 25-годдзе візіту св. Яна Паўла ІІ. Гэта будзе ўжо 25-я замежная паездка Пантыфіка.

Kс. Юрый Марціновіч