4 верасня, у літургічны ўспамін благаслаўлёнай Марыі Стэлы і яе 10 паплечніц, у Навагрудку адбыліся ўрачыстасці, якія ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У іх прынялі ўдзел духоўныя асобы, у тым ліку вялікая група сясцёр з Kангрэгацыi Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта, a таксама свецкія вернікі, у большасці жыхары Навагрудка.
Урачыстасці пачаліся ў Батароўскім лесе, дзе 75 гадоў таму былі расстраляны назарэтанкі. У гэтым асаблівым месцы, дзе зямля была акроплена крывёю мучаніц, быў благаслаўлены новы крыж, устаноўлены на месцы гібелі сясцёр.
Затым у санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі благаслаўлёнай Марыі Стэлы і яе 10 паплечніц, мучаніц з Навагрудка (касцёле Перамянення Пана), адбылася святая Імша. У гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што назарэтанкі-мучаніцы чэрпалі моц і сілу са штодзённай Эўхарыстыі, на якой збіраліся ў “белай Фары”, з супольнага жыцця і спаўнення кожны дзень харызмаў сваёй кангрэгацыі.
Па словах іерарха, менавіта вернасць сваёй харызме паспрыяла таму, што яны прынялі гэтае рашэнне скласці Богу ў ахвяру сваё жыццё за мужчын – бацькаў сем’яў, якім пагражала небяспека.
Біскуп заклікаў таксама жыхароў навагрудскай зямлі, каб яны выхоўвалі ў сабе сапраўдную веру, якая б засноўвалася на тым, каб “трымацца Бога і быць вернымі Яму, у хвіліны не толькі радасці, але і вялікага цярпення і жыццёвых выпрабаванняў”.
Урачыстасці завяршыліся малітвай перад саркафагам благаслаўлёных, які знаходзіцца ў бакавой наве святыні, і ўшанаваннем іх рэліквій праз цалаванне. Вернікі з вялікай узрушанасцю трывалі ў цішыні і засяроджанасці перад рэліквіямі мучаніц, просячы для сябе і сваіх блізкіх дар адвагі і мужнасці.
Kс. Юрый Марціновіч