Вечарам 18 жніўня ў Гродна прыбыла ХХVI экуменічная пілігрымка Беласток – Гродна – Вільня. У гэты дзень група пілігрымаў перасякла польска-беларускую мяжу і спынілася на начлег у жыхароў Гродна.
Традыцыйна беластоцкая пілігрымка спыняецца ў Гродне на сваім шляху, каб пасля кароткага адпачынку вырушыць далей да цудадзейнага абраза Маці Божай Міласэрнай у Вострай Браме (Літва), дзе вернікі змогуць даручыць Ёй свой сённяшні і заўтрашні дзень. У Гродне да гэтай пілігрымкі далучаюцца беларусы.
Сёлета ў Гродна прыйшло каля 400 чалавек з розных месцаў Польшчы і не толькі. Ёсць таксама прадстаўнікі Аўстрыі, Англіі, Францыі, Украіны і Расіі. Знайшліся і вернікі з Беларусі, якія адправіліся ў Беласток, каб удзельнічаць у пілігрымаванні з самага пачатку і да канца, да Вострай Брамы.
Кс. Лукаш Жук, кіраўнік пілігрымкі, падкрэслівае, што яна набыла ўжо не толькі агульнапольскі, але і міжнародны характар. “Гэта вельмі дынамічная група. З году ў год кажуць пра памяншэнне колькасці пілігрымаў. У нас зусім адваротнае, што для арганізатараў становіцца немалым выклікам”, – зазначае ён.
Па словах святара, хоць пілігрымка выходзіць з Беластока, нельга сцвярджаць, што яна толькі "беластоцкая", бо кожны год у ёй павялічваецца колькасць удзельнікаў з розных мясцін Польшчы. Яна носіць назву экуменічнай, бо перасякае 3 краіны, а таксама таму што на шляху пілігрымаў прымаюць людзі розных канфесій, католікі і праваслаўныя, дзелячыся з імі тым, што маюць.
Пілігрымаў прывіталі перад касцёлам Адшукання Святога Крыжа (бернардынскі), дзе яны прынялі ўдзел у святой Імшы, якую цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх дзякаваў ім за цяжар пілігрымавання, які яны прынялі, і за прыгожае свдечанне, якое даюць гродзенцам, што сёння варта жыць з Богам і звяртацца да Найсвяцейшай Панны Марыі ва ўсіх сваіх патрэбах.
За плячыма пілігрымы пакінулі 3 дні шляху, наперадзе засталося яшчэ 6. Перасякаючы 3 краіны, яны традыцыйна наведваюць усе касцёлы і цэрквы, якія сустракаюць на сваёй дарозе.
У гэтым годзе разам з паломнікамі ідзе дапаможны біскуп Беластоцкай архідыяцэзіі Генрых Цярэшка. Таксама іх суправаджаюць 13 святароў, 6 семінарыстаў і 10 манахінь. Найстарэйшаму пілігрыму 88 гадоў, наймалодшаму – 6.
Пасля 9-ці дзён падарожжа і пераадолення каля 300 км яны ўвойдуць 24 жніўня днём у Вострую Браму, дзе прымуць удзел у святой Імшы. Афіцыйна пілігрымка завершыцца 25 жніўня супольнай Эўхарыстыяй у віленскай катэдры.
Сёлета пілігрымка праходзіць пад назвай “Моцныя ў Духу”. Гэтыя словы заахвочваюць удзельнікаў задумацца над роляй Святога Духа ў Касцёле, у сем’ях і ў жыцці кожнага хрысціяніна – усе разважанні, канферэнцыі, сведчанні прысвечаны гэтай тэме.
Kс. Юрый Марціновіч